Больш як 10 пытанняў разгледжана на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы

13 июня 2018

Новыя гарызонты супрацоўніцтва вызначаюць найбліжэйшыя суседзі - Мінск і Масква. Гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, машынабудаванне, сумесныя навуковыя праекты. Больш як 10 пытанняў сёння разгледжана на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Маскве. Сустрэча прэм'ер-міністраў адбылася ў Доме ўрада. Як адзначыў Андрэй Кабякоў, сёння нашы гандлёва-эканамічныя адносіны знаходзяцца на ўздыме. Летась тавараабарот вырас на 20 % і склаў больш як 30 мільярдаў долараў. Прычым, ён забяспечаны плацяжамі ў нацыянальных валютах дзвюх краін.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "У якасці стратэгічнай задачы прапаноўваю замацаваць выхад на ўзровень тавараабароту ў аб'ёме больш як $40 млрд, які існаваў раней. Інструментамі рашэння ў кожнай задачы павінны стаць стварэнне агульнага рынку, стварэнне роўных умоў гаспадарання, захаванне патэнцыялу машынабудаўнічага комплексу і супрацоўніцтва ў сферы АПК, ліквідацыя бар'ераў і абмежаванняў і, нарэшце, стварэнне саюзнага прадукта і яго сумеснае прасоўванне на рынкі трэціх краін. У поле зроку застаецца пытанне паставак на расійскі рынак беларускай сельгастэхнікі. Наша агульная задача знайсці ўзаемавыгадны кампраміс для забеспячэння роўнай і справядлівай канкурэнцыі".

Дзмітрый Мядзведзеў, Старшыня ўрада Расіі: "Пашыраецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Буйныя праекты, якія мы рэалізуем, пацвярджаюць, што мы гатовыя да такога ўзаемадзеяння. Размова ідзе аб будаўніцтве беларускай АЭС, будаўніцтве завода па вытворчасці тэхнічнага вуглярода, прадпрыемстваў па вытворчасці сухіх сумесяў, перапрацоўцы соі. Нашы сувязі маюць значны рэгіянальны ахоп, амаль кожны расійскі рэгіён, дакладней 80 з 85, развіваюць прамыя гандлёвыя адносіны з Беларуссю, што дае нам дадатковыя магчымасці для кааперацыі, і гэта трэба выкарыстоўваць. Нам трэба і далей рухацца ў бок ліквідацыі перашкод для доступу тавараў і паслуг, ствараць роўныя правілы для вядзення бізнесу".

На пасяджэнні прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі абмеркавалі тэму стварэння агульнай навукова-тэхнічнай прасторы, якая забяспечыць не толькі эканамічную, але і палітычную бяспеку дзвюх краін. Таксама ішла размова аб развіцці лічбавай эканомікі і IT-тэхналогій.