Каманда Прэзідэнта па хакеі правяла другі таварыскі матч

21 мая 2014

У апанентах прынцыповы сапернік, нязменны фіналіст Каляднага хакейнага турніру - расійскі Газпрамэкспарт. Нагоду згуляць у Мінску доўга не шукалі, па ініцыятыве гасцей прымеркавалі яе да чэмпіянату свету. Дарэчы, напярэдадні знакамітыя госці змаглі адчуць на сабе, што ёсць арганізацыя буйнога турніру па-беларуску. Расказвае Андрэй Іваноў.


Вечар аўторка для легендарных Мышкіна, Макарава, Якушава і іншых знакавых для хакея асоб завяршыўся на Мінск-Арэне. Беларусь прымала Расію ў апошнім матчы папярэдняга раўнда, і зоркі СССР паядынак гэты прапусціць не маглі. Сёння яны зноў на лёдзе, другі матч за два дні. Нагрузкі, як у прафесіяналаў.


У сучасным хакеі адмова згуляць на чэмпіянаце свету па прычыне стомленасці - нармальная практыка. Дзясяткі хакеістаў кожны год аддаюць перавагу рабіць кар'еру ў клубах, забываючыся пра зборную. На шалях грашовы кантракт з аднаго боку і патрыятызм з другога. Цяжка ўявіць, каб у часы зборнай Саюза гульцы дазволілі сабе такое.


Пакаленне сёння такое, гаворыць легендарны хакеіст і трэнер Уладзімір Юрзінаў-старэйшы, вітаючыся з беларускімі гульцамі. Людзі старой загартоўкі бачаць адзін аднаго здалёк.


Сапернікі - старыя знаёмыя, за плячамі не адзін матч. Чаго вартыя толькі іх сустрэчы ў рамках Каляднага турніру! На лёдзе бескампрамісны хакей. Па выніках першага перыяду ні адна з каманд не здолела сур'ёзна абазначыць свае прэтэнзіі на перамогу. Да камеры падыходзіць Яўген Чыжмін. У выніку перамаглі сёння расіяне - 8:3. Ну, а беларусы абавязкова возьмуць рэванш!