Белтэлерадыёкампанія будзе супрацоўнічаць з расійскім тэлеканалам АТС

22 октября 2014
Адразу некалькі важных дакументаў падпісана сёння ў Новасібірску. Яны пашыраюць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Сібіры. У прыватнасці, адміністрацыя Алтайскага края і ўрад Беларусі падпісалі пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. Кампанія БелАЗ збіраецца паставіць 15 самазвалаў у Кемераўскую вобласць. Беларуская ўборачная тэхніка адправіцца ў Томскую.

Падпісана пагадненне паміж гандлёва-прамысловымі палатамі Беларусі і Новасібірска. Наша краіна гатовая прапанаваць усю лінейку гарадской транспартнай і камунальнай тэхнікі. З'явяцца на гэтым рынку беларускія сыры і малочная прадукцыя.

Актыўна будзе развівацца ўзаемадзеянне і ў навуковай сферы. Усяго ж было падпісана 8 пагадненняў. Беларусь і Сібір заключылі кантракты на мільёны долараў. У перспектыўнасці супрацоўніцтва бакі ўпэўненыя.

І сёння ў Новасібірску падпісана двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве галоўнага медыяхолдынга краіны - Белтэлерадыёкампаніі і АТС - аднаго з буйных расійскіх рэгіянальных тэлеканалаў. Дарэчы, у Новасібірску зараз праходзяць Дні Беларусі. Наша краіна дэманструе свае магчымасці ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, хіміі і нафтахіміі, будаўніцтве. У рамках Дзён Беларусі праходзіць і нацыянальная выстава прадукцыі вядучых прадпрыемстваў нашай краіны.