Беларускі хлеб можа пакарыць жыхароў замежжа

16 июля 2015

Пасля завяршэння мадэрнізацыі Любанскага хлебазавода мучныя вырабы плануюць прадаваць у Расію і нават Ізраіль. Тым больш што гасцінцы з Беларусі, асабліва чорны хлеб, ужо даўно сталі візітнай карткай раёна. Прывезці такі гасцінец з Любані лічыцца добрым тонам. У тым, што некаторыя жывуць хлебам адзіным, пераканалася Антаніна Станкевіч.

Толькі мука вышэйшага гатунку, маргарын, яйкі, дрожджы, соль і цукар – гэта рэцэптура батона. Ніякіх араматызатараў і іншых дадаткаў. Усе інгрэдыенты трэба перамяшаць, але і з гэтым працэсам перастарацца нельга, інакш здобныя пышныя батоны не атрымаюцца.

Пякуць тут не толькі батоны. Некалькі відаў жытняга хлеба, булкі, пірагі, сухарыкі – усяго больш за 50 найменняў прадукцыі, каб забяспечыць не толькі раён, але і вобласць і нават сталіцу разнастайным асартыментам.

Тэхнолагі завода нярэдка эксперыментуюць з рэцэптурамі. Начальнік цэха прызнаецца: выпякаць хлеб – творчая работа. Асабліва даюць тут волю фантазіі напярэдадні Вялікадня – традыцыйныя кулічы расхопліваюць, пакуль яны яшчэ не астылі.

Не так даўно на заводзе завяршылі першы этап мадэрнізацыі. Дзякуючы новаму абсталяванню тут змаглі пашырыць асартымент прадукцыі і выпускаць адразу некалькі відаў мучных вырабаў. Да таго ж павялічыліся і аб’ёмы. Зараз самы час задумацца і пра пашырэнне геаграфіі продажу.

Зараз тут плануюць усталяваць яшчэ адну сучасную печ. Гэта дазволіць выпякаць хлеб яшчэ больш хутка і якасна.