Беларускія вытворцы прэзентуюць сваю прадукцыю на міжнароднай выставе ў Судане

22 января 2018

І вось яшчэ адзін прыклад супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі. Беларускія вытворцы гэтымі днямі прэзентуюць сваю прадукцыю на міжнароднай выставе ў Судане, дзе сёння стартаваў маштабны форум International Fair of Khartoum. Ён прадоўжыцца да 29 студзеня.

Гэтая аўтарытэтная выстава праводзіцца больш за 40 гадоў запар і з'яўляецца ключавой у Паўночна-Усходняй Афрыцы. Напрыклад, летась экспазіцыю наведала звыш 145 тысяч чалавек. Гэтым разам нашу краіну прадстаўляюць флагманы прамысловасці: БелАЗ, Бабруйскаграмаш, "Атлант" і іншыя. Усяго больш за 2 дзясяткі айчынных кампаній. Выставу лічаць адной з самых папулярных сярод экспарцёраў тэхнікі і прамысловага абсталявання. Гэта абумоўлена тым, што 80 % жыхароў 40-мільённай краіны занятыя ў аграсектары - гэта вялізны рынак для вытворцаў сельгастэхнікі. У Судане запатрабаваны трактары, станкі, шыны. Дэталёва абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва дзелавыя колы змогуць ужо заўтра ў рамках суданска-беларускага бізнес-форуму. Сёння сярод шматлікіх наведвальнікаў стэнда нашай краіны быў і прэм'ер-міністр гэтай афрыканскай рэспублікі. Пра гэта па тэлефоне паведамілі арганізатары, выставачная кампанія "Белінтэрэкспо".

Яўген Увядзенскі, дырэктар выставачнага прадпрыемства "Белінтэрэкспо" БелГПП (па тэлефоне):

"Гэта найбуйнейшая выстава, якая збірае звыш 600 кампаній больш як з 30 краін свету. Свае павільёны прадставілі Германія, Італія, Карэя і іншыя краіны. Беларускую экспазіцыю наведаў прэм'ер-міністр Судана. Ён прывітаў беларускую дэлегацыю і выказаў задавальненне тым, што Беларусь упершыню прысутнічае ў рамках нацыянальнага павільёна на самым буйным выставачным мерапрыемстве гэтай краіны".