Беларускія НПЗ павялічваюць глыбіню перапрацоўкі нафты і рэалізуюць маштабныя інвестпраекты

31 июля 2015

Павялічыць аб'ёмы вытворчасці і выпускаць прадукты з больш высокай дабаўленай вартасцю. Беларускія НПЗ павялічваюць глыбіню перапрацоўкі нафты і рэалізуюць маштабныя інвестпраекты. "Нафтан" завершыць мадэрнізацыю да канца 2016 года, а Мазырскі НПЗ - да канца 2017-га. Дзякуючы тэхнічнаму пераўзбраенню беларускія нафтаперапрацоўшчыкі зробяць гэты працэс практычна безадходным. І дасягнуць ўзроўню лепшых заводаў Еўропы. Акрамя таго, у наступным годзе плануецца павялічыць пастаўкі нафты ў Расію на адзін мільён тон. Як ідзе мадэрнізацыя і якімі будуць беларускія НПЗ - рэпартаж Вольгі Халадовіч.

Вышыня - 50 метраў і плошча, на якой можна было пабудаваць цэлы мікрараён. Комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў пачалі будаваць на Мазырскім НПЗ два гады таму. З рэалізацыяй праекта працэс нафтаперапрацоўкі будзе практычна безадходным.

Комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў - самы маштабны праект у гісторыі завода. З уводам гэтай усталёўкі ў эксплуатацыю глыбіня перапрацоўкі нафты будзе складаць амаль 90%.

Гэтыя рэактары вырабілі ў Японіі, у Мазыр яны трапілі пасля таго як пераплылі Атлантычны і Ціхі акіяны, затым Чорнае мора і Прыпяць. Абсталяванне дазволіць перапрацоўваць такі прадукт, як мазут у светлыя нафтапрадукты.

Вадзім Данілевіч, дырэктар дырэкцыі па рэканструкцыі і развіцці ААТ "МНПЗ": "Ва ўмовах падатковага манеўру павышэння пошлін на цёмныя нафтапрадукты рэалізацыя дадзенага інвестпраекта вельмі важная. Яна забяспечыць выхад завода на новы тэхналагічны ўзровень, пасля рэалізацыі гэтага праекта з дадзенай глыбінёй перапрацоўкі мы будзем адпавядаць узроўню добрых еўрапейскіх заводаў".

Мадэрнізацыю на заводзе плануюць завяршыць да 2017 года. Маштабнае ператварэнне чакае і наваполацкі "Нафтан". Пытанне рэалізацыі інвестыцыйных праграм на пасяджэнні савета канцэрна "Белнафтахім" - адзін з найважнейшых.

Уладзімір Сямашка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:

"Праграмы маштабныя, яны маюць дзве мэты. Па-першае, нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці, перапрацоўкі нафты. Нядаўна яны перапрацоўвалі 9 млн. тон, і мы ставім задачу, каб яны перапрацоўвалі 12 млн. тон нафты - кожны па годзе. Пад гэтую справу падведзены паліўна-энергетычны баланс Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, а зараз можна і гаварыць Мытнага саюза Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана".

Сёлета беларускія НПЗ павялічылі перапрацоўку нафты амаль на чатыры працэнты. А канцэрн "Белнафтахім" спрацаваў лепш, чым прамысловасць краіны - прадпрыемствы нафтахімічнай галіны забяспечылі рост усіх эканамічных паказчыкаў.

Да канца года ў галіне плануюць завяршыць некалькі новых інвестпраектаў. Напрыклад, на Мазырскім НПЗ з'явіцца ўсталёўка па вытворчасці высокаактанавых дадаткаў да бензінаў, а "Нафтан" запусціць усталёўку першаснай перапрацоўкі нафты. Тэхнічнае пераўзбраенне чакае і завод "Белшына".