Беларускія аграрыі завяршаюць сельскагаспадарчы год

4 ноября 2019
Усе работы па ўборцы ўраджаю павінны быць завершаны да 7 лістапада. Гэта даручэнне Прэзідэнта. Калі і затрымаліся тэхніка і людзі, то толькі на ўчастках з кукурузай і познімі сартамі агародніны. Прадукцыю закладваюць на захоўванне. Бо стабілізацыйныя фонды - гарантыя, што бульба, бурак, капуста і іншая вітамінная прадукцыя  ў міжсезонне не стане дэфіцытам. Убраныя плошчы пераворваюць  і ўжо зараз рыхтуюць аснову пад ураджай будучага года. Вольга Маслоўская  працягне. 

У Рэчыцкім раёне завяршаюць уборку кукурузы


Васіль Кабік у сельскай гаспадарцы з 17 гадоў. Пачынаў трактарыстам. Апошнія гады  ў радах камбайнераў. Усе тонкасці пасяўной і ўборачнай ведае як ніхто. Зараз, гаворыць, важна паспець завяршыць ва ўнісон надвор'ю. Усе сілы кінуты на кукурузную дыстанцыю. Засталося ўбраць лічаныя гектары. 

На кукурузных палях гаспадаркі "Холмеч"  працуе адразу некалькі машын. Сёлета плошчы пад стратэгічную кармавую і зерневую культуру тут павялічылі - усяго больш за тры тысячы гектараў. 

У Віцебскім раёне добры ўраджай агародніны


Задаволены вынікам і ў кааператыве "Альгоўскае". Добрым палівам выратавалі  палі агародніны ў чэрвеньскую засуху. Зараз прадукцыі заклалі столькі, што хопіць і віцябчан накарміць, і на экспарт адправіць. 

Сёння завяршаюць уборку капусты позніх сартоў. На полі  дзве сотні чалавек. Аграрыям дапамагаюць работнікі арганізацый Віцебска. Капусны фітнес і змерзнуць пры нулявой тэмпературы не дае, і зарадку офісным работнікам замяняе. 

У сховішчах "Альгоўскага" - тры тысячы тон капусты, буракоў, морквы. Пры аптымальных +2  па Цэльсію прадукцыя захавае таварны выгляд аж да канца вясны. І гэта стратэгічная задача для ўсіх аграрыяў краіны. 

Прэзідэнт: Завяршыць працу на палях да 7 лістапада


Але зараз галоўнае - закончыць уборку і завяршыць большасць работ на палях да 7 лістапада. Такую задачу паставіў Кіраўнік дзяржавы. Пытанні аграрнай сферы нядаўна абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці: аб'ёмы, разнастайнасць экспарту, а таксама ход восеньскіх палявых работ. Надвор'е гэтай восенню спрыяла аграрыям, тым не менш, гэта не падстава расслабіцца на фінальнай стадыі. Тым больш што шматлікія віды прадукцыі з беларускіх палёў у гэтым сезоне будуць асабліва запатрабаваныя. 

Не проста вырасціць і захаваць, а прадаць з максімальнай выгадай сваю прадукцыю плануюць аграрыі прадпрыемства "Цяплічны". Цэх кансервацыі, дзе агародніна ператвараецца ў салату, сокі і рагу, дапоўнілі лініяй замарозкі. 

Агародніну замарожваюць пры тэмпературы -40. Зараз на канвееры морква, але абсталяванне дазваляе рыхтаваць і асарці: разнастайныя варыянты сумесяў з двух-шасці кампанентаў. 

Сыравіна свая. Закупляюць толькі грыбы і дзікарослыя ягады. За год лінія дасць тры тысячы тон гатовай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. 

Для захоўвання свежай прадукцыі толькі ў Віцебскай вобласці ёсць 45 сховішчаў. Ужо сёння яны цалкам запоўненыя ўраджаем гэтага года.