У Гродзенскім раёне пачала працаваць першая ў нашай краіне "Школа батлейкі"

7 марта 2020
Адраджэнне старажытнага тэатральнага мастацтва. У Гродзенскім раёне пачала працаваць першая ў нашай краіне “Школа батлейкі”. Выязныя заняткі праходзяць у сельскіх цэнтрах культуры. Пазнаёміцца з асаблівасцямі лялечнага тэатра запрашаюць і дарослых, і дзяцей. У праграме навучання раскрываюць сакрэты стварэння марыянетак з палімернай гліны і тканіны, расказваюць аб гісторыі тэатральных пастановак. Прапануюць усім ахвочым выступіць і ў ролі артыстаў. Пра асаблівасці такога лялечнага мастацтва - рэпартаж Юрыя Карняловіча.

У Путрышкаўскім сельскім цэнтры культуры праходзяць незвычайныя заняткі. Удзельнікі тэатральнага гуртка сваімі рукамі ствараюць лялькі-марыянеткі для будучых спектакляў. Палімерная гліна, тканіна і фарбы ва ўмелых руках ператвараюцца ў герояў беларускіх народных казак.

Крысціна Лойка - і настаўнік, і рэжысёр, і ідэйная натхняльніца дзіцячага тэатра “Батлейка”. Дзякуючы менавіта яе намаганням у сельскім цэнтры культуры ўдалося адрадзіць забыты від мастацтва. Культуролаг па адукацыі, дзяўчына даўно цікавілася гісторыяй беларускай батлейкі. Тэарэтычныя веды ўдалося ўвасобіць на практыцы. Ужо на працягу двух гадоў у Путрышках дзейнічае лялечны тэатр у мініяцюры.

Тэатральны гурток прыйшоўся да спадобы вучням мясцовай школы. Дзеці з задавальненнем асвойваюць майстэрства ігры марыянеткамі. Аднак перш чым справа даходзіць да пастаноўкі, неабходна самому змайстраваць галоўных герояў п'есы. У Анастасіі Налівайкі лялькі атрымліваюцца асабліва выразнымі. І гэта нядзіўна - дзяўчынка ў тэатры з моманту яго адкрыцця.

Спектаклі тэатра "Батлейка" спадабаліся мясцовым жыхарам. Ніводнае свята ў аграгарадку не праходзіць без лялечнай пастаноўкі. 

За час існавання тэатра батлейкі юныя артысты з гастролямі праехалі ўвесь Гродзенскі раён. У іх рэпертуары 4 паўнавартасныя спектаклі. Наступны этап развіцця тэатра - стварэнне ўжо школы батлейкі.

Сваім вопытам тэатральная трупа вырашыла падзяліцца з жыхарамі ўсяго рэгіёна. Былі арганізаваныя выязныя заняткі ў сельскіх цэнтрах культуры. У праграме навучання раскрываюць сакрэты стварэння марыянетак, знаёмяць з гісторыяй вулічных тэатральных пастановак.

У перспектыве гродзенская батлейка павінна стаць турыстычным брэндам рэгіёна. Папрысутнічаць на спектаклях ужо выказваюць намер госці з суседніх Літвы і Польшчы.