Беларуская эканоміка дэманструе ажыўленне

9 августа 2016

Урад лічыць тэндэнцыю аднаўлення эканамічнага росту галоўным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў першым паўгоддзі. Беларусы жывуць па сродках, у тэрмін разлічваюцца па знешніх пазыках і ў поўным аб'ёме карыстаюцца сацыяльнымі гарантыямі. Акрамя таго, абнадзейвае збалансаванасць знешняга гандлю і запаволенне інфляцыі. Па выніках шасці месяцаў кошт спажывецкага кошыка павялічыўся на 7,4%. Ад прагнозу пакуль адстае галоўны індыкатар эканомікі - валавы ўнутраны прадукт. Ва ўрадзе тлумачаць, якія фактары сёння напрамую ўплываюць на недастатковыя тэмпы эканамічнага росту.

Уладзімір Зіноўскі, Міністр эканомікі Беларусі: "Адна з галоўных прычын - гэта скарачэнне інвестыцый у асноўны капітал, скарачэнне ўнутранага спажывання па шэрагу прычын. І таму ў перспектыве нам трэба нарошчваць прамыя замежныя інвестыцыі і больш хутка задзейнічаць тыя крэдытныя рэсурсы, якія ёсць па крэдытных лініях КНР. І дрэнна спрацаваў аптовы гандаль".

Ва ўрадзе таксама зважаюць на неабходнасць больш актыўнай працы рэальнага сектара над зніжэннем сабекошту прадукцыі. Пакуль рэальная сітуацыя са скарачэннем выдаткаў у вытворчасці далёкая ад прагнозу ў 25%. Многія прадпрыемствы адчуваюць складанасці з дэбіторскай запазычанасцю, не ўсе ў тэрмін выплачваюць зарплаты сваім работнікам.