Белавія адкрыла рэйс у Палангу

20 июня 2016

З Мінска ў Палангу хутка і без чэргаў на мяжы. Напярэдадні Белавія адкрыла першы рэйс на папулярны літоўскі курорт. Пакуль лятаць будуць толькі ў летні сезон і раз на тыдзень - у нядзелю. Аднак далей, магчыма, частата палётаў павялічыцца. Рашэнне запусціць гэты рэйс было няпростым - перамовы вяліся 4 гады. Шукалі выгадныя ўмовы, у першую чаргу, для пасажыраў. Хуткасць першага палёту ў Палангу адчула і Ксенія Лебедзева.

Яшчэ нядаўна, каб дабрацца з Мінска да жамчужыны літоўскага курорта, трэба было пераадолець 513 кіламетраў на аўтамабілі або аўтобусе за 6-8 гадзін. Сёння гэты час скараціўся да 70 хвілін дзякуючы адкрыццю новага авіярэйса Мінск - Паланга.

Беларусы - частыя госці на літоўскіх курортах. Гэта было галоўным аргументам у перамовах па адкрыцці рэйса.

Відмантас Вербіцкас, камерцыйны аташэ пасольства Літвы ў Беларусі: "Больш за 250 тысяч турыстаў з Беларусі летась наведала Літву. Сёлета за першыя тры месяцы рост беларускіх турыстаў у Літву складае 11 %".

Белавія зацікаўлена ў шырокай і хуткай рэкламе рэйса. Бо ён сезонны. Закончыцца лета - закончацца палёты. Таму на першым рэйсе да Палангі вялікую палову салона занялі журналісты. А білеты, якія паступілі ў вольны продаж, былі раскуплены літаральна за некалькі дзён.

Першай ластаўкай з Беларусі ў Палангу стаў Bombardier CRG на 50 месцаў. Наступныя рэйсы будзе выконваць Boeing.

Васіль Корнеў, намеснік гендырэктара РУП "Нацыянальны аэрапорт Мінск": "Самалёты будуць тыпу Boeing 737-500 умяшчальнасцю да 130 пасажыраў. Але ў залежнасці ад попыту авіякампанія можа і памяняць тып самалёта".

Аэрапорт Палангі сустракае борт з Беларусі вадзяным салютам. Такая традыцыя лётчыкаў ва ўсім свеце.

Адкрылі першы прамы рэйс Мінск - Паланга - Мінск пераразаннем чырвонай стужкі.

Пра тое, як адкрываўся рэйс, яго праблемы і перспектывы нам удалося распытаць аднаго з галоўных арганізатараў новага кірунку.

Ігар Чаргінец, намеснік гендырэктара ААТ "Авіякампанія "Белавія": "Мы параўноўвалі гэту цану на цану білета на аўтобус, на цягнік і разумелі, што мы не перасадзім па гэтай цане, па гэтым тарыфе пасажыраў на наш самалёт. Вялі перамовы з аэрапортам Палангі. У канчатковым выніку праз 4 гады мы атрымалі вельмі добрую прапанову ад аэрапорта Палангі".

Апроч адпачывальнікаў, патэнцыяльныя пасажыры - літоўскія, беларускія бізнесмены, а таксама бізнесмены з іншых краін, якія паляцяць транзітам.