Беларусь - Кітай - стратэгічнае партнёрства

19 мая 2013

Паўгода таму В'етнам заявіў аб сваім жаданні далучыцца да Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. І не толькі В'етнам. Многія  краіны прама або ўскосна шукаюць выхад на вялізны рынак тройкі. Возьмем Кітай. Пад Барысавам будуюць аўтамабільны завод з магутнасцю 120 тысяч машын за год. Пад Мінскам – найбуйнейшы ў Еўропе тэхнапарк. Плюс энергетыка, лагістыка, інвестыцыі, крэдыты і тавараабарот   на  3 мільярды долараў. Усё гэта мае агульную назву - стратэгічнае партнёрства.
5 сакавіка з барысаўскага завода БелДжы выйшла першая партыя  машын - 16 беларуска-кітайскіх седанаў адправіліся да новых сталічных уладальнікаў. Ад распрацоўкі інвестстратэгіі да выпуску прайшоў усяго год. Яшчэ праз два збіраць будуць ужо па 120 тысяч аўтамабіляў. Рэкордная паваротлівасць, калі ўлічыць, што Беларусь і Кітай падзяляе без малога  10 тысяч  кіламетраў. Але хіба гэта адлегласць для стратэгічных партнёраў, пытаюцца ў  Паднябеснай.   
Чэнь Фэнсян, намеснік загадчыка міжнароднага  аддзела ЦК КПК: Мы праводзім паступальную і пераемную палітыку. Гэта датычыцца і адносін з Беларуссю. Кітай захавае вельмі высокі ўзровень партнёрства  з вашай краінай. Патэнцыял вялізны, і мы будзем развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах: умацоўваць палітычны давер і эканоміку, інвесціраваць у машынабудаванне і сумесныя вытворчасці. Гэта выгадна нашым краінам, гэта аснова нашай стратэгіі ў Еўропе.
Стратэгічны статус Мінска для Пекіна - гэта вынік бліскучага прадбачання. Беларусь адной з першых у Еўропе разглядзела ў Кітаі сусветнага лідара ў вытворчасці, экспарце і тэхналогіях - ад лёгпрама да космасу. Сёння ўжо мала хто ў свеце сумняваецца: кітайская мадэль - люстэрка эканомікі будучыні.


Ёхан Галтунг, дырэктар Інстытута для глабальнай тэорыі і практыкі свету (Нарвегія): Паднябесная выцягнула не самае багатае прыроднымі рэсурсамі грамадства з татальнай галечы і разрухі без сацыяльных узрушэнняў. Успомніце каласальныя выклікі ранейшага Кітая. Гэта негатыўная рэпутацыя на сусветных рынках. Гэта дэфіцыт макракрэдытаў  і міжнародных інвестыцый. Але Кітай фінансаваў патэнцыял уласных людзей. Ён карміў не эліту, а ўкладваў у самых крэатыўных і таленавітых прадстаўнікоў сярэдняга і нізкага па  даходах класаў. І яны паднялі краіну. За некалькі  гадоў яны павысілі жыццёвы ўзровень 400 мільёнаў грамадзян. Заходняя цывілізацыя ставілася да гэтых рэформаў са скепсісам. Яны іх не разумелі. Сёння відавочна, наколькі яны памыляліся.
Сёння пралічыць эфект ад партнёрства з дакладнасцю да мільёна долараў вельмі складана. Праекты  і гандаль ацэньваюцца мільярдамі. Гадавы тавараабарот - 3, унікальная крэдытная лінія на энергетыку, дарогі і цэментавыя заводы - 15, будучы індустрыяльны парк (найбуйнейшы ў Еўропе) - 5 мільярдаў. Значнасць Кітая не столькі ў гандлі, колькі ў тэхналогіях, падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да народа і парламента.
Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: Станоўчым прыкладам з'яўляецца беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Яно выйшла на больш высокі ўзровень крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Мы шмат гаворым і пачалі ўжо рабіць многае  па Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку. Лічу вельмі важным актывізаваць супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі ў тэлекамунікацыях, у IT-сферы, у абнаўленні кабельных сетак у нашай краіне.
Дарэчы, лідарства Паднябеснай у IT-сферы канчаткова замацавалі лічбы першага квартала. 570 мільёнаў карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт,  1 мільярд 100 мільёнаў абанентаў мабільнай сувязі і найбуйнейшы рынак камп'ютараў і гаджэтаў. У пачатку года Кітай пасунуў з першага радка не кагосьці, а Злучаныя Штаты. Амерыканскі аналітык Януш Бугайскі прызнаецца: у Вашынгтоне ўжо няма ілюзій, Кітай стане першай эканомікай планеты.
Януш Бугайскі, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (Вашынгтон, ЗША): Кітай стаў важкім фактарам у знешняй палітыцы Злучаных Штатаў. Я бы сказаў, нават больш важным, чым Расія. Рана або позна Кітай стане вядучай эканомікай на планеце. Мы адчувалі кітайскую мяккую сілу на працягу дзесяцігоддзяў у эканоміцы, гандлі, культуры і гэтак далей. Сёння Кітай умацоўвае ваенна-марскія сілы, авіяцыю, касмічныя распрацоўкі, ён набліжаецца да суперсілы. Пытанне: як узаемадзейнічаць з такім новым Кітаем, бо ад нашага партнёрства сёння напрамую  залежыць будучыня глабальнага гандлю і эканамічнага развіцця.
Словы аналітыка пацвярджаюць свежыя прагнозы амерыканскіх банкаў. На тыдні JP Morgan і Bank of America ацанілі рост Кітая ў 2013-м у 7,6%, Сусветны банк - у 8,3.  З улікам глабальнай  вагі Паднябеснай і не менш глабальнай дэпрэсіі ў Еўропе і ЗША Пекін  дэ-факта і дэ-юрэ ўжо лакаматыў усяго свету. Валютным плячом Кітая, акрамя Беларусі, сёння ўжо карыстаюцца дзясяткі краін. Такія інвестыцыі адрозніваюцца ад традыцыйных крэдытных бурбалак. За імі стаяць тэхналогіі. Напрыклад, рэвалюцыю сланцавага газу, на якую Штаты патрацілі 15 гадоў, Пекін рэалізаваў удвая хутчэй, прычым не за кошт росту беднаты, як у Новым Свеце, або зацягвання паясоў і беспрацоўя, як у Старым.
Здзіўляючы экспертаў тэмпамі росту і сацыяльнай палітыкай, Кітай застаецца самай сціплай эканамічнай імперыяй на планеце. Нават сам тэрмін імперыя афіцыйны Пекін не выкарыстаў ні разу.
Чэнь Фэнсян, намеснік загадчыка міжнароднага аддзела ЦК КПК: Кітайская спецыфіка ў тым, што мы толькі на пачатковай стадыі сацыялізму. Мы не заяўляем, як калісьці КПСС, што  ўжо пабудавалі сацыялізм.  Так, па аб'ёме ВУП мы ўжо сёння займаем  другое месца на планеце. Але калі падзяліць яго на кожнага грамадзяніна, акажацца, што мы нават не ўваходзім у першую сотню багатых краін свету. На 18 з'ездзе мы паставілі задачу да 2020 года пабудаваць грамадства з сярэднім дастаткам. Гэта будзе лічыцца нацыянальным поспехам.
Паказальна, што менавіта такую мэту - справядлівае, сацыяльна арыентаванае і інавацыйнае грамадства - ставіць перад сабой і Беларусь. Верагодна, у гэтым тоіцца поспех партнёрства Мінска і Пекіна.