Беларусь і Санкт-Пецярбург вызначылі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва

3 октября 2013

Імі стануць праекты ў галіне нана- і біятэхналогій, а таксама вытворчасць лекавых прэпаратаў, якія пакуль яшчэ закупляюцца ў вялікіх аб'ёмах па імпарце. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падчас пасяджэнняў Савета дзелавога супрацоўніцтва ў Санкт-Пецярбургу.


З чым прыязджалі беларусы ў Паўночную сталіцу і чым здзівілі піцерцаў у горадзе на Няве. Разам з дэлегацыяй пабывала Святлана Канапацкая.


Чарговае, шостае, пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва ў Санкт-Пецярбургу было прысвечана аналізу таго, як выконваецца сумесная праграма супрацоўніцтва. Бакі адзначылі рост тавараабароту - мы ў плюсе больш чым на 12% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аднак зараз усё часцей гучыць меркаванне, што настаў час пераходзіць ад простага абмену таварамі да сумеснай вытворчасці навукаёмістага прадукта.


Недахопу ў ідэях не будзе. Пацвярджэнне - у той жа дзень адкрыццё міжнароднага інавацыйнага форуму. Беларускія распрацоўкі тут таксама былі паказаны. Да іх павышаная цікавасць. Бо на практыцы ўжо не раз пацверджана, многія навацыі беларускіх навукоўцаў паспяхова прымяняюць, канкурыруючы на сусветным рынку. Такіх бы прапаноў пабольш, - гавораць піцерскія калегі членам беларускай дэлегацыі. І вось яшчэ адно ўвасабленне ідэі ў жыццё.


Першая партыя новых гарадскіх аўтобусаў пастаўлена ў аўтапарк Паўночнай сталіцы. Тэхніку прымаў асабіста губернатар Палтаўчанка. Першую абкатку зрабілі разам з беларускай дэлегацыяй.


Пра тое, як ідзе рэалізацыя сумесных праектаў і на чым будуць рабіць акцэнт будучыні, гаварылі на пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва. У перагаворнай зале гістарычнага Смольнага ідэі гучаць не тое, каб рэвалюцыйныя, але амбіцыйныя. Беларускі прэм'ер прапаноўвае штурмам узяць тавараабарот 2 мільярды долараў, перасягнуўшы, нарэшце, за лічбу 1,7. Спатрэбяцца новыя перспектыўныя ідэі і праекты. Бакі праяўляюць гатоўнасць пераходзіць ад простага тавараабмену да інавацый.


Шмат часу надалі і абмеркаванню таго, як рэалізуюцца вызначаныя праекты. Паспяхова працуе сумесны праект Магілёўліфтмаша, ёсць перспектывы па яго развіцці. МАЗ і Яравіт МОТАРС прадоўжаць працу па арганізацыі зборачнай вытворчасці аўтобусаў. У Санкт-Пецярбургу ўсё-такі будзе пабудаваны беларускі квартал, а ў Мінску - піцерскі. Узнікшыя праблемы ўдалося вырашыць.

Не заўсёды ўсё ідзе гладка ў праектах, але разам з тым дакладна пазначана ўзаемнае імкненне вырашыць спрэчныя пытанні, дарэчы, некаторыя знаходзілі рашэнне адразу ж падчас прамога дыялогу. Адным з плюсаў рэгіянальнага супрацоўніцтва з'яўляецца тое, што бакі могуць адмовіцца ад пасрэднікаў, працуючы напрамую, тым самым робячы праект фінансава прывабным.

Кірмашы тавараў сталі калісьці першай ластаўкай у гэтай справе, традыцыя жывая і сёння. На гэты раз Мінская вобласць прапанавала сваю прадукцыю. Піцерцы з задавальненнем каштуюць і купляюць беларускае. Ацаніў якасць беларускай прадукцыі і губернатар Санкт-Пецярбурга. Уразіўся і паклікаў гараджан на выставу.


Вынікам працы Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга стала падпісанне шэрагу дакументаў, у тым ліку дагавора паміж Паўночнай сталіцай Расіі і Мінскім гарадскім і абласным выканкамамі.

Гаворачы пра міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, Міхаіл Мясніковіч агучыў красамоўную лічбу - за паўгода Беларусь уклала ў эканоміку Расіі 1 мільярд 100 мільёнаў долараў, пры тым што па ўсім замежжы гэта лічба склала 2 мільярды. Гэта гаворыць пра вялізны патэнцыял нашых краін, сказаў прэм'ер. А неахопленых ніш у супрацоўніцтве яшчэ шмат.