Дэлегацыя палітычных дзеячаў Украіны знаходзіцца ў Беларусі з візітам - сёння госці правялі дзень у Віцебскай вобласці

5 октября 2021
Заўсёды будзе актуальнай магчымасць жыць на спакойнай зямлі пад мірным небам. Каштоўнасць, якую не адчуваеш роўна да той пары, пакуль не аказваешся яе пазбаўлены. Гэта прачулі мы летась. 

Гэтая гісторыя добра знаёмая нашым суседзям украінцам. У гэтыя дні з візітам у Беларусі знаходзіцца дэлегацыя палітычных дзеячаў краіны-суседкі. Сёння госці правялі дзень у Віцебскай вобласці, дзе пазнаёміліся з працай дрэваапрацоўчай галіны і АПК. На прадпрыемствах сустрэлі землякоў - перасяленцаў з усходу Украіны. За апошнія гады Беларусь стала другім домам для тысяч украінцаў. Пакінуць радзіму іх вымусіла вайна. У нашай краіне яны здабылі мір, знайшлі працу, будуюць жыллё і свае планы на будучыню звязваюць толькі з Беларуссю. 

Вольга Маслоўская пагутарыла з беларускімі ўкраінцамі. Алёна і Іван Бугай будуюць дом для сваёй вялікай сям'і. 147 квадратаў, 6 пакояў, прасторная веранда. Участак пад забудову атрымалі як шматдзетная сям'я. Шэсць гадоў таму, калі хутка збіралі рэчы і ўцякалі з Украіны ад вайны, думалі толькі аб адным - як выжыць.  А сёння плануюць дызайн прысядзібнага ўчастку. 


АПК: сучасныя тэхналогіі і культура вытворчасці


Працуюць муж і жонка на сельскагаспадарчым прадпрыемстве "Мазалавагаз". Вытворчасць сучасная, умовы працы на ўзроўні. За суткі атрымліваюць не менш як 30 тон малака класа экстра, ураджайнасць збожжа ў паўтара раза вышэйшая за сярэднюю па вобласці. 

На мясцовым сельгаспрадпрыемстве засвоеныя практычна ўсе перадавыя тэхналогіі і ў полі, і на ферме. Дывідэнды ўкладваюць у развіццё сацыяльнай сферы. Пабудавалі больш за 10 кіламетраў дарог, кафэ, магазін, а ў жыхароў аграгарадка з'явіліся разумныя цяпліцы і дамы, якімі кіруе камп'ютар. 

Вёску будучыні сёння наведалі госці з Украіны - палітычныя і грамадскія дзеячы. Іх жыццёвы і прафесійны вопыт дазваляе аб'ектыўна ацаніць вынік развіцця беларускай глыбінкі. Гавораць, убачанае - падстава для гонару за Беларусь. 


Дрэваапрацоўка - стратэгічная галіна беларускай эканомікі


Высокая культура вытворчасці, экспартныя пастаўкі ў дзясяткі краін, у тым ліку 27 % ва Украіну. Найстарэйшае прадпрыемства дрэваапрацоўкі "Віцебскдрэў" таксама стала стартавай пляцоўкай для перасяленцаў, якія шукалі міру. Тут працуюць 3 грамадзяніны Украіны. Але ўжо да новага года эканаміст Ірына Шэпель разам з мужам і сынам разлічваюць атрымаць беларускае грамадзянства. 

Пакуль маладая сям'я вырашала жыллёвае пытанне, прадпрыемства дало інтэрнат. Дарэчы, дзіця нарадзілася ўжо пасля пераезду ў Беларусь, а значыць, бацькі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні. Беларусь стала для іх другой радзімай, забяспечыўшы медыцынскім абслугоўваннем, даўшы магчымасць вучыцца, працаваць. Але першай з выгод героі нашага сюжэту называюць магчымасць жыць у міры. У Беларусі яна ёсць.