Беларусь і Італія маюць намер падвоіць двухмільярдны тавараабарот

10 сентября 2015

Сёння прадоўжыўся візіт урадавай дэлегацыі Беларусі ў Італію. У цэнтры ўвагі - пытанні кааперацыі ў сферы машынабудавання. Група чыноўнікаў і прадстаўнікоў айчынных прадпрыемстваў на чале з прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым наведала рэгіён П'емонт. Гэта вобласць на поўначы Італіі, якую называюць мясцовым зборачным цэхам. Якім чынам Беларусь і Італія плануюць падвоіць тавараабарот і калі тэхналогіі з заводаў "Мазераці" прыйдуць і ў беларускую прамысловасць - у рэпартажы Аляксея Адашкіна.

П'емонт - гэта другі па плошчы рэгіён Італіі, адзін з самых эканамічна развітых у краіне. Менавіта тут вырабляюць знакамітыя італьянскія аўтамабілі, верталёты, легендарную італьянскую каву і шакалад. Беларусь і Італія маюць падобныя структуры эканомікі і прамысловасці, і такое падабенства спараджае сур'ёзную ўзаемную цікавасць.

Менавіта ў сталіцы П'емонта - у горадзе Турын - размяшчаецца адно з галаўных прадпрыемстваў канцэрна "Фіят-Крайслер". Летась гэтыя два знакамітыя аўтавытворцы аб'ядналіся ў адну транснацыянальную карпарацыю. Прадпрыемствы групы размешчаныя ў 40 краінах свету. Даходы аўтагіганта ў 2014-м склалі 96 мільярдаў еўра. У канцэрна 165 заводаў і 85 навукова-даследчых цэнтраў па ўсёй планеце. Гэта сёмы ў свеце аўтавытворца. Групе належаць больш за дзесяць сусветна вядомых брэндаў, сярод якіх, зразумела, і "фіят", і "крайслер". У спісе таксама "додж", "джып", "ферары" і "мазераці". На заводзе апошняй маркі сёння адбыліся перамовы ўрадавай дэлегацыі з менеджментам канцэрна "Фіят-Крайслер". Італьянцы разглядаюць Беларусь як вароты для доступу з ЕС у ЕАЭС, таму аўтагігант зацікаўлены ў стварэнні ў Беларусі ўласнай вытворчасці.

Летась ВУП рэгіёна П'емонт перавысіў 120 мільярдаў еўра. У гэтай вобласці развіта не толькі машынабудаванне, але і сур'ёзныя магутнасці сканцэнтраваныя ў авіяпрамысловай галіне. Напрыклад, праект "Тарына П'емонтэ Аэраспейс" аб'ядноўвае 84 вядучыя кампаніі ў сферы авіябудавання і абароны. У вобласці добра развітая і сельская гаспадарка. Сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэўся з прэзідэнтам вобласці П'емонт Серджа К'ямпарына. Гэты палітык мае вялікі аўтарытэт ва ўсёй Італіі - аб гэтым сведчыць яго абранне на ганаровую пасаду прэзідэнта Канферэнцыі кіраўнікоў усіх рэгіёнаў рэспублікі. Па выніках перамоў, што прайшлі ў фармаце нон-стоп сёння ў Турыне і ўчора ў Мілане, ужо ўзгоднены шэраг сумесных праектаў.

Летась паміж Беларуссю і Італіяй тавараабарот перавысіў 2 мільярды еўра. Прычым эканамічнае ўзаемадзеянне адрозніваецца збалансаванасцю. Аб'ёмы імпарту і экспарту практычна супадаюць. Бакі дамовіліся распрацаваць дарожную карту супрацоўніцтва, якая дазволіць падвоіць тавараабарот.

Зараз Італія займае сёмае месца сярод замежных дзяржаў па аб'ёмах закупкі беларускіх тавараў. Мяркуючы па ўзаемнай зацікаўленасці ў супрацоўніцтве, эканамічныя сувязі паміж Рымам і Мінскам ужо ў найбліжэйшы час істотна ўмацуюцца і дапаўняцца серыяй узаемавыгадных праектаў.