Беларусь і Грузія плануюць стварыць сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы мяса птушкі

4 мая 2018

Беларусь і Грузія плануюць стварыць сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы мяса птушкі на тэрыторыі Грузіі. Пра гэта сёння паведаміў журналістам кіраўнік Мінсельгасхарча Леанід Заяц пасля перамоў з грузінскай дэлегацыяй на чале з міністрам аховы прыроды і сельскай гаспадаркі Леванам Давіташвілі. Зараз ведамствы дзвюх краін працуюць над паглыбленнем супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу, павелічэннем паставак тавараў, у якіх мае патрэбу Грузія. Таксама партнёры гатовыя прывозіць да нас сваю гародніну, садавіну, віны, мінеральныя воды.

Леанід Заяц, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: 

"Мы мяркуем, будзе створана сумеснае прадпрыемства, на якім мяса птушкі будзе перапрацоўвацца па беларускіх тэхналогіях, з суправаджэннем беларускіх спецыялістаў і навучаннем грузінскіх, каб паставіць на рынак Грузіі і іншых сумежных дзяржаў агульны прадукт, які будзе карыстацца папулярнасцю ў спажыўца".

Леван Давіташвілі, Міністр аховы прыроды і сельскай гаспадаркі Грузіі: 

"Вельмі якасныя прадукты ў вас, у нас яны запатрабаваныя. У нас існуе дзесьці 14 гандлёвых цэнтраў рознічных беларускіх магазінаў. І ўсе яны вельмі папулярныя. Таму што беларускія прадукты - гэта якасныя прадукты. Попыт ёсць. Таму сумесная вытворчасць - гэта дадатковыя рабочыя месцы. Для эканомікі гэта вельмі важна".

Сёння бакі разгледзелі таксама магчымасць стварэння сумеснай вытворчасці малочнай прадукцыі на тэрыторыі Грузіі. Паводле слоў кіраўніка грузінскага ведамства, у праекта добрыя перспектывы, бо беларускія сыры і ёгурты карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў Грузіі.