"Белагра" працягвае сустракаць гасцей і наладжваць партнёрскія сувязі

6 июня 2018

Да канца тыдня тут чакаюць дэлегацыі з двух дзясяткаў краін, каб на свае вочы ўбачыць усе навінкі АПК і забяспечыць самы кароткі шлях да новых кантрактаў і пагадненняў. Такую павышаную цікавасць растлумачыць няцяжка - на выставе сабраны лепшыя распрацоўкі перадавых кампаній і наватараў сельгасгаліны. Многія з іх паспяхова прымяняюцца не толькі на беларускіх палях і фермах, але і ва ўсім свеце. Зрэшты "Белагра" - месца прыцягнення як спецыялістаў-аграрыяў, так і простых спажыўцоў. Тут можна купіць і паспрабаваць самыя "смачныя" ўзоры. Асаблівы попыт на прадукцыю пад маркай "Зроблена ў Беларусі". Высокую ацэнку нашым прадуктам напярэдадні дала і дэлегацыя расійскага рэгіёна. Сёння ж госці па заслугах ацанілі распрацоўку Гомсельмаша. Суперкамбайн, які не саступае сусветным лідарам уборачнай тэхнікі, летась даручыў распрацаваць Кіраўнік дзяржавы. Пра навінкі АПК больш падрабязна Вікторыя Антоненкава Міжнародная спецыялізаваная выстава "Белагра" працягвае здзіўляць гасцей. Сёння з перадавымі распрацоўкамі аграрыяў асабіста пазнаёміўся прэм’ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў. Асаблівую цікавасць выклікалі энергаэфектыўныя і імпартазамяшчальныя тэхналогіі.

Тэхналагічнасць возьмуць на ўзбраенне і экспарцёры. Механізм прасочвання сельгаспрадукцыі - навацыя, аб якой гаварыў сёння на "Белагра" і прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Сістэма прадугледжвае абмен электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі. Яна забяспечыць празрысты працэс паставак і дазволіць адсачыць рух тавараў да прылаўкаў магазінаў.

І ўсё ж на выставе хочацца ўбачыць і дакрануцца. Каля суперкамбайна ад Гомсельмаша наведвальнікі не давалі праходу. За шматтоннай навінкай ужо складваецца свая гісторыя.

У 2017 камбайн КЗС 1624-1 у пастаяннай і напружанай працы ацаніў Аляксандр Лукашэнка. Некалькі дзясяткаў такіх камбайнаў ужо паставілі ў Расію і беларускія гаспадаркі. Але, па сутнасці, для нашых канструктараў гэта быў не першы, але прынцыповы крок на сусветны рынак элітнай уборачнай тэхнікі. Разлік матэматычны: паступова і дакладна выкарыстоўваць свае плюсы ў барацьбе з раскручаным імпартам. У такім пытанні і дзяржава заўсёды гатовая падставіць плячо.

Апошняя распрацоўка - гэта новыя стандарты прадукцыйнасці, эканамічнасці і камфорту. Укаранёны сістэма аўтаваджэння, сістэма дакладнага земляробства. Зараз у гэтай машыне ёсць усе самыя неабходныя камбайнеру опцыі, якія могуць дапамагчы яму ў працы, а ў чымсьці нават яго замяніць. Прызнанне камбайн атрымаў нават ад Акадэміі навук. Высокая прадукцыйнасць, мінімальныя страты, расход паліва і сабекошт. Пакуль ёсць толькі адзін экзэмпляр. Сёлета з канвеера сыдуць яшчэ 3. У перспектыве серыйная вытворчасць.

Усяго Гомсельмаш дэманструе на "Белагра" каля 20 відаў тэхнікі. Сярод іх універсальны мабільны энергетычны сродак, які можа працаваць як трактар і як кормаўборачны камбайн. На выставе дэманструецца газаматорны збожжаўборачны камбайн, які не мае аналагаў у свеце. Сёння гомельскай тэхнікай карыстаюцца ў 38 краінах. У планах асваенне новых рынкаў ад Еўропы да Афрыкі.