Аграрыі Мінскай вобласці завяршаюць сяўбу азімых культур

21 сентября 2016

Пад збожжавыя будзе адведзена 330 тысяч гектараў. Паралельна ідзе ўборка бульбы, буракоў і кукурузы. Аграрыі рыхтуюцца і да свята хлебаробаў. У Бярэзінскім раёне "Дажынкі" сёлета пройдуць у аграгарадку Пагост. Там будуць ушаноўваць і лепшых працаўнікоў – амаль 80 спецыялістаў. Аляксандр Харавец - пра людзей, якія ведаюць сапраўдную цану хлебу.

Для Сяргея Лаўцова гэта 26-ы аграсезон.Тэхналогію вырошчвання хлеба механізатар ведае не горш за галоўнага агранома гаспадаркі. На сваім жалезным кані арэ, уносіць у глебу ўдабрэнне і нават адвозіць збожжа на зернесушылку. Сёлета перавёз больш за тысячу тон. Аднак на палове ўборачнай прычэп змяніў на плугі. Паводле слоў калег, лепш чым Сяргей мала хто у гаспадарцы падрыхтуе так глебу да наступнай пасяўной.

Завяршыць сяўбу азімых у «Бярэзінскім» плануюць да 25 верасня. Напярэдадні аграрыі ўбралі апошнія гектары грэчкі.

Частку ўраджаю прададуць дзяржаве. Астатнюю грэчку перапрацуюць, і крупы паступяць на прылаўкі магазінаў. Усяго ж пад збожжавыя ў гаспадарцы адвялі каля 2 тысяч гектараў. Намалацілі сем з паловай тысяч тон зерня. Гэта менш чым летась – чэрвеньская спякота ўнесла карэкцівы ва ўраджай. І ўсё ж збожжа цалкам хопіць закрыць уласныя патрэбы, гаворыць дырэктар.

Завяршаецца ўборка бульбы, кукурузы і буракоў. А літаральна праз тры дні лепшых працаўнікоў адзначаць на раённых "Дажынках". Свята хлебаробаў пройдзе ў аграгарадку Пагост. Словы падзякі атрымаюць усе аграрыі раёна. Лепшых – каля 80 чалавек – узнагародзяць дыпломамі, каштоўнымі падарункі і грашовымі прэміямі.

У Бярэзінскім раёне 13 гаспадарак. А гэта не адна сотня спецыялістаў. Таму арганізатары "Дажынак" абяцаюць зрабіць іх незабыўнымі.

Трапіць на свята хлебаробаў можна, і не ведаючы дарогі. Шлях на "Дажынкі" падказваюць вось такія саламяныя фігуры. Каля 2 дзясяткаў казачных замкаў, вёсак, жывёл і тэхнікі выступаюць у якасці навігатараў.

Найлепшых хлебаробаў ушануюць на абласных "Дажынках". Сёлета яны пройдуць у Лагойску 18 лістапада.