Узбуджана крымінальная справа

2 августа 2017

У дачыненні да кіраўніка і бухгалтара аднаго з незалежных прафсаюзаў Беларусі ўзбуджана крымінальная справа. Службовых асоб падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падчас праверак супрацоўнікі фінансавай міліцыі ўстанавілі, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюза адкрылі ад імя сваёй арганізацыі рахункі ў замежных банках Еўропы. Пасля на іх пастаянна паступалі буйныя сумы, гаворка ідзе аб сотнях тысяч долараў. Пры гэтым службовыя асобы не атрымалі спецыяльны дазвол ад Нацыянальнага банка на стварэнне рахунку за мяжой. Такім чынам, паводле версіі следства, яны спрабавалі ўтаіць факты атрымання грошай з-за мяжы і ўхіліцца ад выплаты падаткаў.

Аляксандр Чарэзаў, намеснік начальніка ўпраўлення УДФР КДК Беларусі па Мінскай вобласці і г. Мінску:

"Кіраўнікі дадзенага прафсаюзнага камітэта пастаянна выязджалі за мяжу, дзе пераводзілі ў наяўнасць гэтыя грошы і вывозілі ў Рэспубліку Беларусь. У падатковых справаздачах гэтыя фінансы не адлюстраваны. Ужо зараз падчас вобыску галоўнага офіса былі выяўлены спецыяльныя тайнікі, у якіх знаходзіліся электронныя ключы для кіравання гэтым рахункам, дакументы па яго адкрыцці і іншыя дакументы, звязаныя з гэтымі грашовымі сродкамі".

Зараз вырашаецца пытанне аб затрыманні вінаватых асоб. Работнікі фінансавай міліцыі праводзяць далейшую праверку. Праваахоўнікам трэба будзе высветліць дачыненне падазроных да іншых парушэнняў заканадаўства.