У Мінску затрыманы беларус - удзельнік баявых дзеянняў ва Украіне

27 ноября 2015

Кіраўнік Cледчага камітэта Іван Наскевіч пры гэтым адзначыў, што ў краіне прынятыя ўзмоцненыя меры бяспекі, адэкватныя сітуацыі, што склалася ў свеце. Мужчыну затрымалі на чыгуначным вакзале а пятай гадзіне раніцы. Байцы ППСМ своечасова праверылі дакументы ў чалавека, у якога з-пад курткі тырчала бронекамізэлька. Акрамя таго, у яго былі два пашпарты, зброя, выбуховыя рэчывы і нават даведка ад "Правага сектара", якая пацвярджае ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.

Аляксандр Ластоўскі, начальнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама: "Супрацоўнікі міліцыі заўважылі чалавека, які адпачываў. Па яго паводзінах, па вопратцы, рыштунку было зразумела, што нешта не так, таму супрацоўнікі міліцыі праявілі пільнасць і падышлі для праверкі дакументаў. Падчас далейшага дыялогу супрацоўнікі міліцыі зразумелі, што не памыліліся: у грамадзяніна скрозь вопратку была бачная бронекамізэлька са сталі. Для далейшага надгляду гэты грамадзянін - 28-гадовы ўраджэнец Наваполацка Віцебскай вобласці - быў дастаўлены ў аддзел дзяжурнай службы".

У дачыненні да затрыманага ўзбуджана крымінальная справа за незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Нагадаем, у чэрвені кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што беларускія наёмнікі, якія ўдзельнічаюць ва ўкраінскім канфлікце, будуць прыцягнутыя да адказнасці. Раней крымінальных спраў на беларусаў па артыкуле "Наёмніцтва" не было. Пры гэтым у жніўні беларускія спецслужбы выявілі канал вярбоўкі наёмнікаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне. Украінскі нацыяналіст з пазыўным "Тарас" прапаноўваў беларусам далучыцца да батальёнаў "Правы сектар", "Данбас", "Айдар" і "Азоў". Вярбоўка маладых радыкалаў, псіхічнахворых, беспрацоўных, былых крымінальнікаў і футбольных фанатаў вялася праз сацсеткі.

Аляксандр Азараў, начальнік аддзела Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі:

"У асноўным нашы хлопцы трапляюць, пазнаёміўшыся ў сетцы Інтэрнэт з асобамі, якія ўжо ваююць на тэрыторыі Украіны. Створаныя шматлікія форумы, дзе абмяркоўваецца гэтае пытанне. Гэта альбо нашы грамадзяне, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, пачынаюць вярбоўку і паведамляюць шляхі прыбыцця туды, альбо грамадзяне Украіны, змешчаныя там". 

МУС і КДБ нагадваюць беларусам, якія плануюць прымаць удзел у ваенных дзеяннях ва Украіне, аб крымінальнай адказнасці па артыкуле "Наёмніцтва". Адказнасць таксама ляжа на тых, хто паспрабуе вербаваць нашых грамадзян.