У Барысаўскім раёне пад коламі аўтамабіля загінуў чалавек

7 декабря 2015

Увечары два пешаходы пераходзілі дарогу ў неналежным месцы. Абодва былі без святлоадбівальных элементаў, таму вадзіцель не заўважыў людзей. Ад моцнага ўдару жанчына загінула на месцы. Мужчына шпіталізаваны.

Дарэчы, дзеля прафілактыкі такіх здарэнняў на дарогах сталіцы ДАІ ўзмацніла кантроль за наземнымі пешаходнымі пераходамі, асабліва ў цёмны час сутак. Парушальнікам правілаў пагражаюць штрафы да мільёна рублёў. Таксама супрацоўнікі ДАІ працягваюць правяраць аўто, якія не замянілі гуму на сезонную.

Вікторыя Царук, старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Кастрычніцкага РУУС г. Мінска: "Насамрэч статыстыка не пагаршаецца. Я бы нават сказала, што наадварот - зараз у нас не назіраецца павелічэння колькасці ДТЗ з удзелам пешаходаў. І каб захаваць станоўчую тэндэнцыю і не дапусціць павелічэння колькасці ДТЗ з удзелам пешаходаў, мы прынялі рашэнне працаваць ва ўзмоцненым рэжыме на гэты момант".

Дарэчы, сёлета на дарогах сталіцы адбылося амаль 260 ДТЗ з удзелам пешаходаў. Асноўныя прычыны здарэнняў - невыкананне правілаў пераходу вуліцы і адсутнасць флікераў у цёмны час сутак.