У Беларусі затрыманыя буйныя пастаўшчыкі хімікатаў

3 декабря 2015

Буйныя пастаўшчыкі хімікатаў, якія больш чым тры гады ўтойвалі прыбытак, затрыманыя ў Беларусі. Памер нявыплачаных падаткаў ацэнваецца больш чым у 20 мільярдаў рублёў. Удзельнікі шэрых схем займаліся імпартам так званых сродкаў абароны раслін. Гэта пестыцыды, якія дазваляюць атрымліваць якасны ўраджай у сельскай гаспадарцы. Левыя грошы зараблялі праз кантракты з замежнымі вытворцамі. Тыя прапаноўвалі зніжкі на тавар, якія ў выніку не ўносіліся ў спіс даходаў. Валюта заставалася за мяжой, пасля чаго там жа і адмывалася. Але гэта не ўсе хітрыкі віртуозаў бізнес-афер.

Расказвае Аляксандр Савенка. Менавіта сродкі абароны раслін зніжаюць страты ўраджаю ад розных шкоднікаў і хвароб. Паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі, больш за палову неабходных беларускаму аграпрамысловаму комплексу хімікатаў вязуць з-за межаў краіны.

Але не ўсе пастаўшчыкі аказваюцца чыстыя на руку. МУС гаворыць пра некалькі арганізацый-імпарцёраў, якія вырашылі пазбегнуць выплат у казну.

У еўрапейскіх вытворцаў пестыцыдаў існуе такі прынцып: калі заказчык выконвае ўмовы, напрыклад, тэрміны аплаты і абумоўленыя аб'ёмы закупак, то пакупнік мае права на зніжку. У дадзеным выпадку беларускія пастаўшчыкі мелі ад 20 да 40 працэнтаў ад заказу.

Ад зробленай вытворцамі зніжкі выплата ў казну не ішла. Паводле звестак МУС, толькі за тры гады асобныя імпарцёры хімікатаў здолелі пазбегнуць больш чым 20 мільярдаў рублёў падатковых адлічэнняў. А цэны ў Беларусі для аграномаў, якія закупліваюць замежныя пестыцыды, заставаліся завышанымі - яны пра зніжку не ведалі. І гэта не ўся ценявая схема.

Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, толькі за адзін год заводы, падкантрольныя імпарцёрам, перапрацоўвалі каля 400 тысяч тон масланасення, гэта прыкладна дзве траціны гадавога збору рапсу па краіне. Выходзіла так, што прыватнікі, займеўшы сыравіну, перакрывалі кісларод дзяржаўным прадпрыемствам алейна-тлушчавай галіны. Іх магутнасці прастойвалі, а аб'ёмы прадукцыі зніжаліся.

Менавіта таму сёння спецыялісты прапануюць зрабіць празрыстай сістэму закупак сродкаў абароны раслін. Адным з распрацоўшчыкаў новага праекта выступае Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Пра тое, як добра жылі аферысты, гаворыць колькасць канфіскаванай і арыштаванай маёмасці. Гэта каля 30 дарагіх машын, больш чым 40 аб'ектаў нерухомасці, каштоўныя вырабы і грошы. Усё гэта на агульную суму больш за 130 мільярдаў рублёў.

На сёння па выніках праверкі МУС Следчым камітэтам узбуджаныя пяць крымінальных спраў. Артыкул адзін - "Ухіленне ад выплаты падаткаў". Падазронымі праходзяць дзесяць чалавек - ад кіраўнікоў да бухгалтараў. Але аператыўнікі лічаць, што ў будучыні тых, хто мае дачыненне да аферы, можа быць больш.