Трэці тыдзень зграя ваўкоў трымае ў страху некалькі вёсак

15 декабря 2016

У Кобрынскім раёне зграя ваўкоў трымае ў страху некалькі вёсак ужо трэці тыдзень. Ахвярамі драпежнікаў сталі больш чым 15 сабак. Мясцовыя жыхары такому суседству не рады, а паляўнічыя не могуць без спецыяльнага дазволу адстраляць няпрошаных гасцей. Стральба ў населеным пункце забароненая, а лес знаходзіцца ў памежнай паласе. З чым звязаны такія паводзіны ваўкоў,   высвятляла Вікторыя Патоня.

Гэта адзін з першых выпадкаў у вёсцы, калі гаспадыня не заспела сабаку ля будкі. Пушок быў на прывязі, але ад яго не засталося і следу. Свежыя ваўчыныя сляды ў двары мы ўбачылі і сёння. Людміла гаворыць, баіцца выходзіць з дому, асабліва ўвечар.

У вёсцы ваўкі ўжо загрызлі больш чым 15 сабак. Драпежнікі прыходзяць звычайна  раніцай або пасля дзевяці вечара. Ваўкі ў тутэйшых лясах жылі заўсёды, але так нахабна не паводзілі сябе яшчэ ніколі. Прыходзяць ужо не толькі на ўскраіны, але і ў цэнтр вёскі.

Такім суседствам занепакоеныя мясцовыя жыхары, асабліва бацькі. Бо ў вёсцы ёсць школа, дзе вучацца больш  за 200 дзяцей. Самых маленькіх суправаджаюць дарослыя, а некаторых вучняў з дому адпускаюць толькі да другога ўрока.

Адстрэльваць у населеным пункце драпежнікаў забаронена. Тэрыторыя памежная, за некалькі кіламетраў  Украіна. Ды і побач біялагічны заказнік. Паляўнічыя ўгоддзі зараз у арэндзе, дзе пытанне з рэгуляваннем колькасці ваўкоў не кантралюецца. Міхаіл Каладзей - паляўнічы з паўвекавым стажам лічыць, што выйсці да людзей ваўкоў прымусіў голад. Дзіка амаль не засталося. 

Да рашэння праблемы далучыўся райвыканкам. У вёсцы арганізавалі патруляванне. На фермах узмацнілі дзяжурства.

Паводле слоў   паляўнічых, арудуюць як мінімум дзве зграі драпежнікаў. Таму ў вёсцы ўведзены надзвычайны рэжым. Дарэчы, і ў суседняй таксама.