Следчыя працягваюць працаваць на месцы злачынства ў Пінску

5 января 2018

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, напярэдадні вечарам злачынцы прабраліся ў прыватны дом прадпрымальніка ў мікрараёне Жылгарадок. Пагражаючы зброяй, яны звязалі жонку і малалетнюю дачку камерсанта і сталі патрабаваць у яго грошы. У выніку мужчына перадаў злачынцам 11 з паловай тысяч долараў, пасля чаго здолеў націснуць трывожную кнопку. Праз 4 хвіліны на месца здарэння прыбыў нарад Дэпартамента аховы МУС. Супрацоўнікі міліцыі заўважылі сляды пранікнення ў жыллё, а таксама мужчыну ў масцы, які схаваўся ў доме. Падчас агляду аб'екта быў выяўлены яшчэ адзін злачынца.

Георгій Еўчар(Яўчар), афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі: "Зламыснікі, якія знаходзіліся ў доме, аказалі супраціўленне. З мэтай спынення супрацьпраўных дзеянняў і затрымання злачынцаў супрацоўнікамі міліцыі была прыменена табельная зброя. Двое з налётчыкаў былі дастаўленыя ў медустанову і знаходзяцца пад узмоцненым кантролем".

Затрыманымі апынуліся маладыя людзі 32 і 28 гадоў. Пазней супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі месцазнаходжанне яшчэ двух падазроных, яны затрыманыя. Па факце разбойнага нападу ўзбуджана крымінальная справа.