Няштатная сітуацыя на ЦЭЦ-4

6 сентября 2017

Некалькі населеных пунктаў Мінскай вобласці і два мікрараёны сталіцы сёння засталіся без электрычнасці. Прычынай стала аварыя на ЦЭЦ-4. Няштатная сітуацыя ўзнікла каля 10-ці гадзін раніцы. Адбыўся выкід пары, які суправаджаўся вялікім гулам.

Спецыялісты Мінскэнерга растлумачылі сітуацыю. Адбылося адключэнне абсталявання - разарваўся трансфарматар напружання, што і выклікала магутнае замыканне, спыненне турбіны станцыі і катла. Але ж да апоўдня энергазабеспячэнне было адноўлена па рэзервовай лініі.

На месцы працуе аварыйная брыгада. Да 21-й гадзіны аднаўленчыя работы павінны завяршыцца, каб электраэнергія пачала паступаць у штатным рэжыме.