Камітэт дзяржбяспекі ўзбудзіў тры крымінальныя справы па фактах ухілення ад выплаты падаткаў

14 мая 2015

Крымінальны ланцужок па гучнай карупцыйнай справе кампаніі "Белмытнясэрвіс" працягваюць раскручваць сышчыкі. Камітэт дзяржбяспекі ўзбудзіў яшчэ тры крымінальныя справы па фактах ухілення ад выплаты падаткаў. На гэты раз стала вядома пра нейкіх камерсантаў, якія былі ў звязцы з галоўным фігурантам. Схему шэрага бізнесу выкрылі эксперты фінансавай разведкі. Высветлілася, што прадпрымальнікі праз падстаўныя фірмы пастаўлялі тэхніку ў Белмытнясэрвіс па завышанай цане. Пасля па фіктыўных дакументах пераводзілі грошы ў наяўныя, тым самым падатковую графу ў здзелках забываліся запоўніць.

Вячаслаў Рэвут, дырэктар Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю Беларусі:

"Намі была выяўленая схема, калі праз пастаўшчыкоў тавараў адбываўся продаж у Белмытнясэрвіс тэхнікі па завышаных цэнах. У далейшым гэтыя кампаніі, якія пастаўлялі тэхніку і матэрыялы Белмытнясэрвісу, пераводзілі  грошы ў наяўныя праз ілжэпрадпрымальніцкія структуры і ІП".

Вядомыя і лічбы:  толькі паводле папярэдніх  звестак казна недалічылася больш за 4 мільярды рублёў. Кіраўнікі двух прадпрыемстваў, якія скарысталіся паслугамі шэрых фінансістаў, ужо з'яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў. На чарзе  яшчэ тры арганізацыі. Яны ў распрацоўцы праваахоўнікаў.