Мабільныя аферысты гуляюць на даверы і пачуццях

2 мая 2017

Ахвярамі жулікаў часцей за ўсё становяцца пенсіянеры. Ім паведамляюць страшную навіну аб тым, што іх блізкія ў бядзе. Тэрмінова патрэбная дапамога, прычым вылічваецца яна ў рэальных лічбах. Патрэбную суму просяць аператыўна сабраць і перадаць так званаму дабрадзею за самы кароткі тэрмін. У выніку на вуду аферыстаў (толькі сёлета) ў Мінску трапілі сама меней 10 чалавек. Як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад тэлефонных жулікаў, матэрыял Карыны Пашковай.

Гэтага хлопца супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Мінску. У нашу краіну ён прыехаў з Літвы. Мэта пэўная - падзарабіць. Паводле інфармацыі МУС, ён - адзін з удзельнікаў так званай групы мабільных аферыстаў.

У кожнага з фігурантаў банды свая задача. Адзін тэлефануе ахвяры. Як правіла, гэты чалавек знаходзіцца за мяжой. Другі выконвае ролю кур'ера. Менавіта ён і прыязджае па грошы і за сваю працу атрымлівае пэўны працэнт ад сумы. У дадзеным выпадку размова ідзе пра 10%.

Паводле папярэдніх ацэнак, гэтым акцёрам свайго жанру ўдалося зарабіць на даверы беларусаў каля 20 тысяч долараў. Затрыманы расказаў, што грошы павінен быў прывезці ў Літву і перадаць сябру ў турму.

Яшчэ аднаго такога аферыста зараз шукаюць сталічныя сышчыкі. У міліцыю звярнуўся жыхар Мінска. Мужчына паведаміў, што яго маці стала ахвярай махляроў. Па словах мінчаніна, ён ненадоўга паехаў з дома па справах. Сваячка засталася ў кватэры адна.

Аляксандра Папова, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама: "Пакуль мужчына адсутнічаў, яго маці патэлефанаваў незнаёмец і паведаміў, што яе сын трапіў у аварыю і прычыніў цяжкія цялесныя пашкоджанні грамадзяніну. Апошняму патрабуецца аперацыя і далейшая рэабілітацыя".

Незнаёмец прапанаваў дапамогу, але паведаміў, што паслугі не бясплатныя. На названы ім рахунак трэба тэрмінова пералічыць 2 тысячы долараў. Напалоханая жанчына на ўмовы аферыстаў адразу пагадзілася. Хлусня раскрылася праз некалькі гадзін, калі сын, які нібы трапіў у ДТЗ, вярнуўся дамоў і аповеду маці быў вельмі здзіўлены.

Георгій Яўчар, афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі: "Даючы сваю згоду вырашыць пытанне незаконным шляхам, перадачай нейкіх грашовых сродкаў для таго, каб кагосьці падкупіць або выкупіць, Вы тым самым спрыяеце злачынству, а таксама становіцеся ўдзельнікам супрацьпраўных дзеянняў. Таму ні ў якім разе на такія хітрыкі нельга паддавацца".

Праваахоўнікі рэкамендуюць у такіх сітуацыях не паддавацца эмоцыям, а адразу паспрабаваць звязацца са сваяком і патэлефанаваць у міліцыю. Такі алгарытм дзеянняў дазволіць максімальна аператыўна затрымаць ашуканца, а патэнцыяльнай ахвяры пазбегнуць хаця б фінансавых страт.