Выстава "Святло і цень" адкрылася ў Ізраілі

13 апреля 2016

А гэта гісторыя, якую мы яшчэ не бачылі. "Святло і цень" - выстава, якая паказвае Беларусь пачатку ХХ стагоддзя, адкрылася ў Ізраілі. Унікальныя працы беларускага фатографа Льва Дашкевіча доўгія дзесяцігоддзі захоўваліся ў фондах нашага гістарычнага музея. І вось зараз каштоўныя дакументы пасля рэстаўрацыі здабылі новае жыццё. Рэпартаж Ларысы Гулякевіч.

Беларусь пачатку мінулага стагоддзя... Гісторыя, нацыянальны каларыт, людзі, лёсы і неба, апетае Львом Дашкевічам, беларускім майстрам фатаграфіі, навукоўцам, даследчыкам.

У самым цэнтры Іерусаліма, горадзе светаў, дзе ёсць ўсе рэлігійныя канфесіі - кавалачак Беларусі. Фотавыстава прадстаўляе краіну не сучасную, а пачатку ХХ стагоддзя.

Леў Дашкевіч - адзін з першых у Беларусі фотамайстраў, які з 10-кілаграмовым апаратам у руках умеў рабіць са здымкаў сапраўдныя карціны. Ужо тады больш за 100 гадоў назад ён таніраваў работы, надаваў ім бірузовыя, карычневыя і зялёныя тоны, даследаваў святло і цень на фота.

Уладзімір Скварцоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Ізраілі: "Гэта менавіта тая падзея. Якая яшчэ раз падкрэслівае супольнасць нашу гістарычную і супольнасць нейкіх культурных нашых сувязяў. Гэтая выстава ўвасабляе сабою імкненне да працягу вось гэтых сувязяў і гуманітарных і культурных. Яна сама па сабе такая неардынарная".

Складаны неардынарны лёс быў у Льва Дашкевіча. Ён займаўся даследаваннямі анкалогіі ў медыцыне, стварыў фоташколу, быў педагогам і этнографам. Незвычайны шлях прайшлі і яго фотаработы. Старыя здымкі ў трухлявым стане доўгія дзесяцігоддзі захоўваліся ў архівах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Ізраільскі фотамастак Алік Замосцін сумесна з творчай групай узяўся за нялёгкі праект адраджэння неацэнных дакументаў, рэстаўрацыю не толькі здымкаў, але і канцэптуальнай ідэі самога аўтара.

Алег Рыжкоў, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Выхадцы з Беларусі, якія пражываюць у Ізраілі, жадалі паказаць сваю радзіму для народа Ізраіля. Такім чынам пачалося наша супрацоўніцтва, і мне лішні раз вельмі прыемна пацвердзіць, што народная дыпламатыя жывая. Гэта самы эфектны спосаб сяброўства паміж народамі".

Беларуская выстава "Святло і цень" пасля Ізраіля адпраўляецца ў Астану, затым у гісторыка-культурнае падарожжа па іншых краінах. І толькі ў канцы турнэ будзе ўрачыста адкрыта ў Беларусі.