Падчас святкавання Новага года будуць узмоцнены меры бяспекі

29 декабря 2016

Супрацоўнікі экстранных службаў  Рыа-дэ-Жанэйра заклікаюць улады горада адмяніць навагоднія святкаванні. На думку праваахоўнікаў, складаная фінансавая сітуацыя ў рэгіёне можа прывесці да масавых беспарадкаў. Тым часам Стары Свет рыхтуецца сустрэць Новы год  ва ўмовах беспрэцэдэнтных мер бяспекі.  У святочную ноч  на вуліцы еўрапейскіх гарадоў  выведуць дзясяткі тысяч паліцэйскіх. Ужо зараз   службы экстраннай дапамогі  пераведзены ў рэжым павышанай гатоўнасці. Улады Германіі і зусім вырашылі абмежаваць гучнасць музыкі на  мерапрыемствах, каб у выпадку надзвычайнага здарэння яна не заглушала заклікі аб дапамозе. Як планета рыхтуецца да сустрэчы Новага года, распавядзе Юрый Казлоў.

Жыхары Германіі зараз жартуюць, што для поўнага адчування навагодняй атмасферы не хапае мішуры на дулах паліцэйскіх аўтаматаў. Вартавых парадку на вуліцах нямецкіх гарадоў сапраўды як ніколі шмат, а праз двое сутак стане яшчэ больш. Прычына - не толькі нядаўні тэракт у Берліне, ахвярамі якога сталі 12 чалавек.

Кёльн. Сустрэча 2016 у гэтым горадзе была азмрочана дзясяткамі дамаганняў і згвалтаванняў. Да мясцовых дзяўчат прыставалі мігранты. Шматлікія былі ў стане алкагольнага ап'янення. Тады праваахоўнікі проста не разумелі, як рэагаваць на такія інцыдэнты, каб не сутыкнуцца з абвінавачаннямі ў расізме. Зараз паліцыя Кёльна гатовая да ўсяго.

Юрген Матыс, начальнік паліцыі г. Кёльна: "У нас у Кёльне дзяжураць паўтары тысячы паліцэйскіх. Каля сотні мабільных груп патрулююць саборы, плошчы і масты. Мы хутка прымем меры, калі што-небудзь здарыцца".

Меры бяспекі ўзмоцнены па ўсёй Германіі. Гэта і бетонныя агароджы ў месцах масавага збору людзей і новая больш прыкметная паліцэйская форма.

Ціма Ціл, начальнік паліцыі г. Гамбурга: "У Гамбургу ў ноч на 1 студзеня з'явяцца мабільныя паліцэйскія ўчасткі, вартавыя парадку надзенуць яркія знакі адрознення, каб іх бачылі здалёк. Разглядаецца пытанне зніжэння гучнасці музыкі, каб яна не заглушала магчымыя заклікі аб дапамозе".

У найбліжэйшы час улады ФРГ плануюць павялічыць колькасць камер назірання на вуліцах, а патэнцыяльных тэрарыстаў - іх у краіне больш за пяць соцень - прымусяць насіць прылады сачэння. І, мабыць, упершыню ў найноўшай гісторыі Германіі абмежавальныя меры падтрымлівае большасць грамадзян – пра гэта гавораць вынікі апытанняў.

Антыаўтамабільнымі агароджамі запоўнены плошчы ўсіх буйных гарадоў Еўропы. Як адзначыў кіраўнік французскай Нацыянальнай паліцыі Жан-Марк Фалькон,  узровень тэрарыстычнай пагрозы ў Францыі і іншых еўрапейскіх краінах-удзельніцах антыджыхадзісцкай кааліцыі "вельмі высокі", аднак канкрэтных звестак аб атаках, якія рыхтуюцца ў навагоднюю ноч, у спецслужбаў няма. Літаральна праз пару гадзін пасля заявы высокапастаўленага сілавіка французская паліцыя затрымала траіх мужчын, якія планавалі напады на паліцэйскіх у ноч на 1 студзеня...

Бертран, жыхар г. Парыжа: "Вядома, ёсць нейкае пачуццё неабароненасці. На вуліцы выйдзе шмат людзей, і я ўсведамляю, што гэтая вялізная спакуса для экстрэмістаў. Але для мяне галоўнае - быць вышэй за гэта і працягваць жыць".

У канцы 2015 Францыя стала ахвярай серыі цынічных атак. Выбухі на "Стад-дэ-Франс", расстрэл парыжскіх рэстаранаў і бойня ў канцэртнай зале "Батаклан" забралі 130 жыццяў. У адыходзячым годзе буйным нападам экстрэмістаў падвергнулася сталіца суседняй Бельгіі – больш за  30 загінуўшых у сакавіку, і французская Ніца.

Пры гэтым антытэрарыстычныя падраздзяленні еўрапейскіх дзяржаў сутыкнуліся з сур'ёзным выклікам - тэрарысты-адзіночкі. Іх практычна немагчыма высачыць і складана спыніць.

Узровень тэрарыстычнай пагрозы ў Еўропе напрамую звязаны з крызісам на Блізкім Усходзе, гавораць у эксперты. Радыкальныя элементы ў асноўным прыбываюць у Стары Свет з патокам бежанцаў. І высветліць, хто з сушукальнікаў прытулку плануе падарваць сябе ў натоўпе людзей, а  хто сапраўды мае патрэбу  ў дапамозе  - вельмі складана.

Але заканамернасць відавочная - да пачатку "арабскай вясны" і серыі выкліканых ёй канфліктаў узброеныя напады ў Старым Свеце не ўспрымаліся з такой звычайнасцю.

Ганс Кёхлер, доктар эканомікі, прафесар філасофіі Інсбрукскага ўніверсітэта, прэзідэнт Міжнароднай арганізацыі за прагрэс (Аўстрыя):

“У аснове  патокаў мігрантаў ляжаць ваенныя і палітычныя інтэрвенцыі заходніх краін. Менавіта гэтыя ўмяшанні разбурылі палітычную і дзяржаўную сістэму  краін Вялікага Блізкага Усходу, уключаючы Сірыю. Менавіта яны адрадзілі феномен няздольных дзяржаў. І менавіта таму людзі ратуюцца з Сірыі, Ірака,  Афганістана і Лівіі. 

Дарэчы, напярэдадні свят у мільёнаў жыхароў Сірыі з'явілася магчымасць сустрэць Новы год пад выбухі феерверкаў, а не снарадаў. Сёння расійскія ўлады заявілі аб пагадненні, якое падпісалі афіцыйны Дамаск і ўзброеная апазіцыя. У дакуменце гаворыцца аб узаемным спыненні агню - перамір'е ўступае ў сілу з апаўночы.

Войны, тэракты, катаклізмы. Рост правых настрояў,  Brexit, блытаніна на нафтавых рынках. 2016 быў багаты на падзеі, дарэчы, не толькі дрэнныя. Што прынясе год надыходзячы - даведаемся хутка. Праз 38 гадзін 2017 наступіць на востраве Раства у Кірыбаці - гэта самы ўсходні пункт на карце свету. Затым Новы год сустрэнуць у Аўстраліі, Азіі, Расіі, Еўропе і Афрыцы. Апошнімі бакалы з шампанскім паднімуць жыхары абедзвюх Амерык.

У найбуйнейшым горадзе ЗША - Нью-Ёрку - па 23-метровым флагштоку спусціцца знакаміты хрустальны шар. Яго ўжо даставілі на Таймс-сквер. Прынята лічыць, што ў гэты момант Новы год уступае ў свае правы на ўсёй планеце.