У Францыі прайшоў першы тур прэзідэнцкіх выбараў

24 апреля 2017

Увага ўсёй Еўропы сёння прыкавана да дзвюх персон - Эмануэля Макрона і Марын Ле Пен. Іх твары на першых палосах газет. У Францыі прайшоў першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Фаварыты галасавання прадстаўляюць дзве процілеглыя палітычныя праграмы. Кропку ў спрэчцы паміж прыхільнікамі і праціўнікамі еўраінтэграцыі паставяць праз два тыдні - 7 мая. Напярэдадні кандыдаты набралі практычна роўную колькасць галасоў. Падрабязнасці - у сюжэце Ніны Кананюк.

Зыход першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Францыі вызначыць было амаль немагчыма. Відавочнага фаварыта сярод 11 кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду не было. Гонка суправаджалася гучнымі карупцыйнымі скандаламі і выкрыццямі. Зрэшты, напярэдадні французы ўсё ж зрабілі свой выбар. Вылучаны два кандыдаты на прэзідэнцкае крэсла. Гэта Эмануэль Макрон і Марын Ле Пен. Былы міністр эканомікі Пятай Рэспублікі і заснавальнік руху "На маршы" набраў амаль 24 працэнты галасоў выбаршчыкаў, кіраўнік партыі "Нацыянальны фронт" - 22 працэнты. Адрыў мінімальны. Падчас падліку галасоў перавага пераходзіла ад аднаго кандыдата да другога. Аднак Макрону ўсё ж атрымалася вырвацца наперад, калі камісіі абвясцілі лічбы ў буйных французскіх гарадах.

Эмануэль Макрон, кандыдат на пасаду прэзідэнта Францыі:

"Калі наша краіна перажывае беспрэцэндэнтныя ў сваёй гісторыі моманты, адзначаныя тэрарызмам, эканамічнымі праблемамі, пакутай народа, французы выказаліся і далі самы прыгожы адказ, прыйдучы масава галасаваць. Яны вырашылі паставіць мяне на першае месца ў першым туры гэтага галасавання, і я сувымяраю аказаны мне гонар і бязмерную адказнасць, якая тым самым на мяне ўскладзена".

Адзначым, фіналісты прэзідэнцкай гонкі прадстаўляюць процілеглыя пункты погляду. Эмануэль Макрон выступае за свабодны міжнародны гандаль і падтрымлівае Еўрапейскі Саюз. Марын Ле Пен - супраць глабалізацыі і жадае правесці рэферэндум па выхадзе Францыі з ЕС. Лідар нацыяналістаў назвала вынікі першага тура галасавання гістарычнымі.

Услед за фаварытамі прэзідэнцкай гонкі размясціліся рэспубліканец Франсуа Фіён і лідар руху "Францыя, якая не пакарылася" Жан-Люк Меланшон. Яны набралі амаль па 20 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. Кандыдат ад кіруючай Сацыялістычнай партыі Бенуа Амон набраў менш як 7 працэнтаў галасоў. Фіён і Амон адразу пасля абвяшчэння першых вынікаў галасавання афіцыйна выказалі падтрымку лідару прэзідэнцкай гонкі Эмануэлю Макрону.

Бенуа Амон, кандыдат на пасаду прэзідэнта Францыі:

"Я заклікаю вас як мага мацней змагацца з Нацыянальным фронтам і вельмі правымі, я заклікаю вас галасаваць за Эмануэля Макрона".

Заснавальніка руху "На маршы" не прамінуў павіншаваць з перамогай і цяперашні прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прычым зрабіў ён гэта праз 15 хвілін пасля закрыцця выбарчых участкаў. Ужо ў найбліжэйшы час кіраўнік Пятай рэспублікі зробіць афіцыйную заяву па выніках першага тура выбараў.

Дарэчы, не абышлося ў дзень выбараў і без пратэстаў. Адразу пасля апублікавання першых вынікаў галасавання на вуліцы Парыжа выйшлі сотні дэманстрантаў.

Актывісты ўчынялі беспарадкі і сутыкненні з паліцыяй, падпальвалі аўтамабілі і грамілі вітрыны магазінаў. Толькі позна ноччу праваахоўнікам удалося разагнаць мітынгоўшчыкаў. Нагадаем, другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі адбудзецца 7 мая.