Увесь свет працягвае сачыць за развіццём сітуацыі ў Сірыі

8 апреля 2017

Напярэдадні ЗША нанеслі ракетны ўдар па авіябазе Шайрат. Звесткі аб загінуўшых па-ранейшаму адрозніваюцца. Паводле інфармацыі сірыйскага арабскага агенцтва навін, у спісе ахвяр - дзевяць мірных грамадзян, у тым ліку чацвёра дзяцей. Апошнія суткі эскалацыю канфлікту абмяркоўвае Савет Бяспекі ААН. Праўда, безвынікова. Мінабароны Расіі тым часам раіць запрасіць на базу Шайрат міжнародных экспертаў, якія маглі б пераканацца, што на аб'екце няма хімічнай зброі. Адзначым, менавіта прымяненне атрутных рэчываў стала фармальнай падставай для ўдару па сірыйскім ваенным аб'екце. Сітуацыю пракаменціраваў МЗС Беларусі. Знешнепалітычнае ведамства нашай краіны адзначыла, што "любыя абвінавачанні ў выкарыстанні забароненых метадаў і сродкаў вядзення вайны павінны быць пацверджаны кампетэнтнымі заключэннямі інстытутаў ААН". Экспертная супольнасць тым часам сур'ёзна занепакоена магчымасцю прамога сутыкнення паміж Расіяй і ЗША. Храналогія апошніх сутак - у Юрыя Казлова.

Амерыканскі ўдар па сірыйскай авіябазе ў правінцыі Хомс стаў поўнай нечаканасцю для сусветнай супольнасці. Яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША Дональд Трамп абяцаў - Вашынгтон перастане адыгрываць ролю сусветнага жандара. А за некалькі дзён да нападу пастаянны прадстаўнік Злучаных Штатаў пры ААН Нікі Хейлі заяўляла, што Белы дом адмовіўся ад ідэі звергнуць Башара Асада.

Дональд Трамп з'яўляецца не вельмі папулярным прэзідэнтам, яму неабходна павысіць свае рэйтынгі. Таму ён, як чалавек, што не зусім адэкватна ўспрымае сітуацыю геапалітычную, вырашыў паддацца свайму найбліжэйшаму асяроддзю, у першую чаргу, дзеячам з Пентагона і тым, каго ў Амерыцы называюць "ястрабамі".

Раніцай у пятніцу амерыканскія ваенныя караблі выпусцілі 59 крылатых ракет "Тамагаўк" па аэрадроме Шайрат - яго выкарыстоўвалі ВПС Сірыі. Фармальнай падставай для нападу стала бамбардзіроўка сірыйскай авіяцыяй горада Хан-Шэйхун у правінцыі Ідліб.

У аўторак у гэтым населеным пункце былі распыленыя нейкія атрутныя рэчывы - хлор альбо зарын. Загінулі каля ста чалавек. Краіны Захаду абвінавацілі ў хіматацы афіцыйны Дамаск. Але сірыйскія вайскоўцы абвінавачанні адхіляюць, сцвярджаючы, што ў выніку авіяўдару па горадзе Хан-Шэйхун вайскоўцы разбамбілі склад з хімзброяй, які належаў баевікам.

Любое прымяненне атрутных рэчываў - цяжкае злачынства. Вінаватыя ў ім паўстаюць перад міжнародным трыбуналам. Таму ў чацвер сітуацыя ў правінцыі Ідліб была вынесена на разгляд Савета Бяспекі ААН.

Прыняць выніковую рэзалюцыю членам Савета не ўдалося. Краіны Захаду настойвалі на адназначнай віне Асада, Масква заклікала да больш дэталёвага расследавання здарэння. Згодна з нормамі міжнароднага права, узброеныя дзеянні супраць суверэннай дзяржавы могуць весціся альбо ў мэтах самаабароны, альбо з санкцыі Савета Бяспекі, у якім у Расіі ёсць права блакіраваць любыя рашэнні.

Нягледзячы на сумніўную легітымнасць дзеянняў ЗША ў Сірыі, ракетны ўдар па Арабскай Рэспубліцы падтрымалі практычна ўсе развітыя краіны. Рэзка асудзіў напад Іран. Расія назвала атаку беспадстаўнай агрэсіяй супраць суверэннай краіны.

Абвастрэнне стала падставай для серыі надзвычайных пасяджэнняў Савета Бяспекі ААН. Апошняе завяршылася гэтай раніцай. Але выпрацаваць нейкую агульную пазіцыю краіны не змаглі.

Эксперты адзначаюць, што абвастрэнне ў Сірыі наўрад ці паспрыяе палітычнаму вырашэнню крызісу ў гэтай краіне. Пасля амерыканскага ўдару ў раёне аэрадрома Шайрат актывізаваліся радыкальныя групоўкі. Таксама аналітыкі асцерагаюцца, што сітуацыя можа прывесці да адкрытага супрацьстаяння паміж Расіяй і ЗША. Масква ўжо паабяцала ўзмацніць сірыйскую сістэму СПА і адправіла ў порт Тартус фрэгат "Адмірал Грыгаровіч", што нясе крылатыя ракеты "Калібр". Зрэшты, шэраг палітолагаў адзначае, што агрэсія супраць Сірыі выклікана, хутчэй, унутранымі праблемамі ў саміх ЗША і наўрад ці перарасце ў маштабную кампанію з выкарыстаннем сухапутных сіл, тым больш у адкрыты ўзброены канфлікт з Масквой.

Карын фон Хіпель, дырэктар Каралеўскага інстытута абаронных даследаванняў, Вялікабрытанія, экс-старшы саветнік контртэрарыстычнага бюро Дзярждэпартамента ЗША: "Усё гэта проста добры піяр. Трамп вельмі дасведчаны піяршчык. Менавіта таму ўдар быў такім абмежаваным, затое прымусіў яго выглядаць жорсткім. Ён адцягнуў амерыканскае грамадства ад шэрагу ўнутраных няўдач і некаторых бессэнсоўных з фінансавага пункта погляду бюджэтных прапаноў. Бо лепшы спосаб прымусіць амерыканцаў згуртавацца вакол сябе - гэта знешняя пагроза. Стары добры трук, які заўсёды працуе".

Наколькі спрацуе стары добры трук гэтым разам - таксама незразумела. Апытанні гавораць пра тое, што ў радавых амерыканцаў ідэі Пентагона ўцягнуць краіну ў новы канфлікт захаплення не выклікаюць. На вуліцы буйных гарадоў ЗША сёння выйшлі сотні людзей, якія скандзіравалі: "Рукі прэч ад Сірыі".

Між тым сёння сірыйскія вайскоўцы заявілі, што праца аэрадрома Шайрат адноўлена. З тэрыторыі базы было ажыццёўлена некалькі баявых вылетаў. Прадстаўнікі Мінабароны Арабскай Рэспублікі адзначылі, што ў выніку амерыканскага ракетнага ўдару пацярпела інфраструктура аэрадрома і частка размешчаных на ім баявых машын. Аднак узлётна-пасадачная паласа ацалела.