Ва Украіне з раніцы зноў успыхнулі масавыя беспарадкі

20 февраля 2014

У гэтыя хвіліны тэрміновыя паведамленні прыходзяць з Украіны. На Майдане ў Кіеве аднавіліся сутыкненні і кровапраліцці. У спісе загінуўшых, паводле апошніх звестак, ужо 28 чалавек, пацярпелых больш за 800. І гэта нягледзячы на тое, што сёння ва Украіне Дзень жалобы па загінуўшых у масавых беспарадках. Сёння радыкалы адкрыта прымянілі агнястрэльную зброю супраць праваахоўных органаў. Прыцэльны агонь па прадстаўніках праваахоўных органаў з агнястрэльнай зброі вядзе снайпер. Паведамляецца як мінімум аб 23 параненых міліцыянерах і сілавіках з Беркута. Пасольства Беларусі рэкамендуе беларусам, якія знаходзяцца ва Украіне, не наведваць месцы актыўных пратэстных дзеянняў.


Гэтай ноччу прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч паабяцаў, што штурму Майдана не будзе. І слова сваё стрымаў. Зрэшты, радыкалаў гэта не спыніла. У прыватнасці, баевікі з Правага сектара заявілі, што вольныя ў дзеяннях, паколькі ні з кім не падпісвалі ніякіх пагадненняў.


Паветра ў цэнтры Кіева працягвае атручваць дым ад падпаленых аўтамабільных пакрышак. Гэтай ноччу ўкраінскія радыкалы захапілі адразу некалькі будынкаў - Галоўпаштамт, Нацыянальны савет па тэлерадыёвяшчанні, Міністэрства аграрнай палітыкі. У цэнтры горада спалена і разрабавана некалькі магазінаў.


Гэтай раніцай каля сотні чалавек з бітамі ўварваліся ў будынак адміністрацыі ў Дзяснянскім раёне. Хваля пратэстаў ахапіла і заходнія рэгіёны Украіны. У Цярнопалі, Жытоміры і Івана-Франкоўску радыкалы выйшлі на вуліцы і пачалі штурмаваць мясцовыя органы ўлады. З захопленых аддзяленняў міліцыі выкрадзены тысячы пісталетаў, кулямётаў і снайперскіх вінтовак. Усходнім рэгіёнам Украіны ўдаецца захоўваць спакой. Становішча, за выключэннем дробных правакацый, стабільнае. У Палтаве і Адэсе экстрэмістам далі адпор мясцовыя жыхары.


Хоць пра мірных грамадзян арганізатары пратэстаў і экстрэмісты думаюць у апошнюю чаргу. Жыццё ў Кіеве ўжо трэція суткі паралізавана. Не працуе метро, у цэнтры горада да канца тыдня закрыты школы і дзіцячыя сады. Улады рэкамендуюць кіяўлянам назапасіцца прадуктамі на некалькі дзён і па магчымасці не выходзіць з дамоў. На вуліцах небяспечна, паводле заяў МУС, радыкалы валодаюць вялікім арсеналам зброі. Большасць офісаў у цэнтры горада закрыта. Дзеля бяспекі на асаблівы, надзвычайны рэжым працы пераведзены дыпрадстаўніцтвы некалькіх краін. З-за спынення метро мясцовыя таксісты рэзка ўзнялі цэны. Аднак ахвотнікаў паехаць у цэнтр горада нямнога.