У Расіі працягваецца расследаванне тэракта ў метро Санкт-Пецярбурга

4 апреля 2017

Магутны выбух прагрымеў напярэдадні ў вагоне цягніка на перагоне "Сянная плошча" - "Тэхналагічны інстытут". Выбуховае прыстасаванне прывёў у дзеянне смяротнік. І некалькі гадзін таму Следчы камітэт Расіі назваў яго імя. Яшчэ адну бомбу (яна не ўзарвалася) знайшлі на станцыі метро "Плошча Паўстання". У Паўночнай сталіцы Расіі аб’яўлена жалоба. Сітуацыя ў горадзе неспакойная.

На месцы падзей працуе наш спецыяльны карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская (прамое ўключэнне).

Сёння ў Санкт-Пецярбургу жалоба. У горадзе прыспушчаныя флагі і адменены ўсе забаўныя мерапрыемствы. Увесь дзень да станцыі метро "Сянная плошча" жыхары Паўночнай сталіцы Расіі нясуць кветкі і запальваюць свечкі ў памяць аб загінуўшых. Кожны ўспрымае здарэнне як асабістую трагедыю. Паводле афіцыйных звестак, загінулі 14 чалавек, больш чым 50 параненыя. Сярод пацярпелых ёсць і беларус. Гэта ўраджэнец горада Гродна, 1963 года нараджэння. Ён знаходзіўся менавіта ў тым вагоне, дзе адбыўся выбух. Праз паўгадзіны пасля здарэння ён быў дастаўлены ў 26-ю гарадскую бальніцу Санкт-Пецярбурга. У яго сур'ёзныя асколачныя раненні ў вобласці шыі, рук і ног, таксама разарваныя барабанныя перапонкі. Нам сёння ўдалоя з ім пагутарыць.

Сітуацыя ў горадзе напружаная. Сёння было атрымана паведамленне, што на станцыі метро "Сянная плошча" зноў знойдзена выбуховае прыстасаванне. Гэта выклікала перапалох. Станцыя была закрыта, прыехалі карэты хуткай дапамогі, пажарныя машыны. Але выклік аказаўся ілжывым.

Расследаванне працягваецца. Следчы камітэт Расіі ўжо пацвердзіў, што тэракт учыніў грамадзянін Кыргызстана.

Эрлан Абдылдаеў, міністр замежных спраў Кыргызстана: "Наш Дзяржкамітэт нацбяспекі пацвердзіў, што, паводле папярэдніх звестак, тэрарыст-смяротнік быў ураджэнцам Кыргызстана, які прыняў расійскае грамадзянства".

Сяргей Лаўроў, міністр замежных спраў Расіі: "У тэрарыстаў, у тэрарызму няма нацыянальнасці, і недапушчальна спрабаваць шукаць нейкую сувязь з паходжаннем чалавека, з яго рэлігійнымі перакананнямі. Тэрарызм - гэта злачынства супраць усяго чалавецтва і супраць усіх без выключэння сусветных рэлігій".

Сёння на ўсіх станцыях метро Санкт-Пецярбурга ўзмоцнены меры бяспекі. Працуюць дадатковыя нарады міліцыі і кінолагі. Дапамогу расійскім калегам у расследаванні тэракта гатовы аказаць і беларускія следчыя. Ліст з адпаведнай прапановай адпраўлены кіраўніку Следчага камітэта Расіі.