У Польшчы правялі працэдуру эксгумацыі целаў экс-прэзідэнта Леха Качыньскага і яго жонкі Марыі

15 ноября 2016

У Польшчы правялі працэдуру эксгумацыі целаў экс-прэзідэнта Леха Качыньскага і яго жонкі Марыі, якія загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе. Працэдура прайшла ў Кракаве. Саркафаг, у якім былі пахаваныя муж і жонка, ускрылі пасля закрыцця Вавельскага замка для наведвальнікаў. Акрамя традыцыйнага ўскрыцця будзе праведзеная камп’ютарная тамаграфія, якая дасць трохмернае адлюстраванне, што дазваляе спецыялістам ацаніць астанкі такім чынам, які недаступны пры звычайным даследаванні. Чакаецца, што неабходны матэрыял будзе сабраны за чатыры дні. 18 лістапада Качыньскіх плануюць зноў пахаваць.