У Маскве ліквідуюць наступствы разбуральнага урагану

30 мая 2017

У Маскве ліквідуюць наступствы самага разбуральнага за апошнія 100 гадоў урагану. Работы ідуць вось ужо амаль суткі. Аварыйныя брыгады разам з МНС аднаўляюць апоры, рамантуюць дарожныя агароджы, вывозяць паваленыя дрэвы. Ураган зрываў дах і ашалёўку з жылых дамоў і будынкаў. Пашкоджаны дзясяткі аўтамабіляў. Паводле ўдакладненых звестак, стыхія забрала жыцці 15 чалавек: 11 ахвяр у Маскве, яшчэ 5 - у вобласці. Каля 200 чалавек пацярпелі, больш за 100 застаюцца ў бальніцах. Пры гэтым надвор'е ў Цэнтральнай Расіі застаецца патэнцыяльна небяспечным. На сёння і заўтра гідраметцэнтр устанавіў жоўты ўзровень пагрозы. Рэпартаж Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Сёння Маскву напоўнілі гукі піл і стук сякер. Каб вярнуць гораду былы выгляд, з раніцы на вуліцах працуе 4,5 тысячы адзінак спецтэхнікі і каля 35 тысяч рабочых. Ураган у сталіцы Расіі ўжо назвалі самым смяротным, разбуральным і непрадказальным. Спецыялісты ахрысцілі яго белым шквалам. Гэта з'ява, калі нішто не прадвяшчае непагадзі, а вецер налятае нечакана і за лічаныя секунды проста змятае ўсё на сваім шляху.

Паводле афіцыйных звестак, загінулі 16 чалавек, каля 200 паранена. Многія з іх зараз знаходзяцца ў бальніцах у цяжкім стане. Сярод пацярпелых ёсць дзеці.

Пашкоджана больш за 2 тысячы аўтамабіляў. Усе яны сталі ахвярамі паваленых дрэў. Зараз аўтааматары і страхавыя кампаніі падлічваюць страты. Лік ідзе на сотні мільёнаў рублёў.

Ураганны вецер знішчыў знакамітую піраміду інжынера Аляксандра Голада. Гэта была 44-метровая канструкцыя, зробленая са шклапластыку. Яна была пабудавана ў 1999 годзе і з'яўлялася славутасцю наварыжскага кірунка Маскоўскай вобласці. Сёння яна цалкам разбураная.

У гэта месца людзі прыязджалі зараджацца касмічнай энергіяй, зараз аб пірамідзе засталіся толькі ўспаміны ў выглядзе раскінутых ветрам сувеніраў. Стваральнік гэтага незвычайнага аб'екта, інжынер Аляксандр Голад, таксама тут. Такога разбурэння не чакаў. Зараз прыйдзецца будаваць новую піраміду, больш устойлівую да вятроў.

Мінулы ўраган ужо назвалі самым разбуральным за апошнія 100 гадоў. На метэастанцыі ва Унукаве ўпершыню за ўсю гісторыю назіранняў парывы ветру дасягалі 30 метраў за секунду. Аранжавы ўзровень небяспекі захаваецца ў Маскве і Падмаскоўі яшчэ некалькі дзён.