У Данбасе ўступіў у сілу рэжым поўнай і безумоўнай цішыні

23 декабря 2015

Сёння ў Данбасе ўступіў у сілу рэжым поўнай і безумоўнай цішыні. А гэта значыць, што Новы год і Раство жыхары Усходняй Украіны змогуць сустрэць у міры і спакоі. Такія вынікі ўчарашняга пасяджэння кантактнай групы па Украіне. 5-гадзінныя перамовы сталі апошнімі ў адыходзячым годзе. Спецпрадстаўнік АБСЕ ў групе Марцін Сайдык адзначыў паляпшэнне сітуацыі ў сферы бяспекі, скарачэнне ліку грамадзянскіх ахвяраў, вызваленне палонных. Тым не менш, кантактная група занепакоеная нестабільнай сітуацыяй на ўсходзе Украіны.

Марцін Сайдык, спецпрадстаўнік АБСЕ ў кантактнай групе: "У выніку застаецца занепакоенасць нестабільнасцю сітуацыі ў зоне канфлікту на ўсходзе Украіны. У сувязі з гэтым мы нагадваем аб іх абавязацельствах па выконванні рэжыму спынення агню і заклікаем безумоўна і ў поўнай меры прытрымлівацца пагаднення, пачынаючы з 22 на 23 снежня. І мы выказваем нашу надзею, што жыхары Усходняй Украіны змогуць у поўнай бяспецы і міры сустрэць Новы год, адсвяткаваць Раство".

Украінскі бок дзякуе Беларусі за арганізацыю работы трохбаковай кантактнай групы. Аб гэтым паведаміла ў "Фейсбуку" прэс-сакратар прадстаўніка Украіны Леаніда Кучмы Дарка Аліфер. Адзначым, тэрміны рэалізацыі мінскіх пагадненняў заканчваюцца 31 снежня. Ці будуць яны падоўжаныя - пакуль невядома. Мінскія сустрэчы працягнуцца і ў будучым годзе. У студзені запланавана некалькі пасяджэнняў. Першае, як чакаецца, адбудзецца 13 студзеня.