Украіна выбірае Прэзідэнта

31 марта 2019

Гэта тэма больш за ўсіх сёння абмяркоўваецца ў СМІ. 

Украіна выбірае Прэзідэнта. Да закрыцця выбарчых участкаў яшчэ 5 гадзін. На вышэйшую дзяржаўную пасаду прэтэндуюць 39 кандыдатаў. Паводле слоў палітолагаў, вынік галасавання практычна непрадказальны. У гонцы азначыліся тры фаварыты: акцёр Уладзімір Зяленскі, дзеючы прэзідэнт Пётр Парашэнка і лідар "Батькивщины" Юлія Цімашэнка. Яны ўжо прагаласавалі. 

Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны: "Гэта ключавы момант у гісторыі Украіны. Гэта пункт незвароту ў Расійскую імперыю і Савецкі Саюз. Менавіта таму гэта так важна для нас. Таму ў краіну прыехала вельмі шмат міжнародных назіральнікаў і журналістаў. Ніколі раней так не было". 

Юлія Цімашэнка, кандыдат у прэзідэнты Украіны: "Сёння я са сваімі роднымі, са сваёй камандай, прыйшла прагаласаваць за Украіну. Вы ведаеце, што сёння Украіна перавяла стрэлкі гадзіннікаў на гадзіну наперад. І я веру, што мы з вамі сёння робім крок наперад. Крок да паспяховай, квітнеючай, еўрапейскай Украіны". 

Уладзімір Зяленскі, кандыдат у прэзідэнты Украіны: "Мяне больш за ўсё хвалюе тое, што адбываецца ў нашай краіне. І першыя свае візіты я б здзейсніў па абласцях нашай краіны і разабраўся з усімі праблемамі, якія ёсць сапраўды ва Украіне".

Калі ніводны кандыдат не набірае сёння больш як 50 працэнтаў галасоў, пройдзе другі тур  21 красавіка. На жаль, не ўсе выбарчыя ўчасткі, як паведамляецца, адкрыліся ў 8 раніцы, але зараз усе яны працуюць. Ва Украіне назіраюць за выбарчым працэсам больш як 2 тысячы прадстаўнікоў з 16 краін і 15 міжнародных арганізацый.

Дарыс Барнет, кіраўнік місіі назіральнікаў ПА АБСЕ: "Я спадзяюся, што выбары працягнуцца так, як і пачаліся. Без інцыдэнтаў. Здаецца, шмат хто збіраецца галасаваць у другой палове дня. Паглядзім, што будзе далей. Спадзяюся, што ўсё будзе мірна і спакойна падчас выбараў"

.