ЗША ўводзяць новы пакет санкцый супраць Расіі

9 августа 2018

І гэта насуперак пазітыўнаму эфекту хельсінскай сустрэчы Трампа і Пуціна. Неадназначная і сама падстава - нічым не пацверджанае дачыненне Масквы да інцыдэнту ў брытанскім Солсберы (так званая справа Скрыпалёў). На ўдакладняючыя пытанні амерыканцы адказваць адмовіліся, спаслаўшыся на нейкую "канфідэнцыяльнасць”. Расійскі бок па-ранейшаму настойвае на празрыстасці расследавання.

Марыя Захарава, афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі: "Расійскі бок неаднаразова папярэджваў, што размова з пазіцыі сілы і пры дапамозе мовы ўльтыматумаў з'яўляецца бесперспектыўным і бескарысным. Расійскі бок зоймецца прапрацоўкай мер у адказ на чарговы недружалюбны крок Вашынгтона. Уся гэтая абвінаваўчая піраміда не мае пад сабою ніякай прававой глебы. Якія будуць меры амерыканскага боку, такія меры ў адказ прыме Расія".

Першы этап санкцый уводзіць забарону на пастаўку ў Расію прадукцыі двайного прызначэння - электронных прылад і камплектуючых. Вашынгтон патрабуе ад Масквы больш цвёрда выконваць канвенцыю аб нераспаўсюджанні хімзброі. У адваротным выпадку праз 3 месяцы будзе ўведзены другі этап. Ён прадугледжвае зніжэнне ўзроўню дыпадносін, забарона "Аэрафлоту" на палёты ў ЗША, амаль поўнае спыненне амерыканскага экспарту. Навіна выклікала падзенне курсу расійскага рубля. Шэраг экспертаў мяркуе, што атака на рубель - гэта пастановачны трук. Канчатковая задача - лабіраванне інтарэсаў пэўных фінансавых і эканамічных колаў Злучаных Штатаў.