ЗША пачалі пашыраць санкцыі супраць Ірана

11 мая 2018

Амерыканскі Мінфін увёў абмежаванні ў дачыненні 6 грамадзян ісламскай рэспублікі і трох кампаній, якія займаюцца аперацыямі з валютай. У аўторак ЗША ў аднабаковым парадку разарвалі так званую ядзерную здзелку з Іранам. Паводле дакумента ад 2015-га, Тэгеран абавязваўся выкарыстоўваць свае напрацоўкі ў атамнай прамысловасці толькі ў мірных мэтах. Дональд Трамп паабяцаў, што на працягу паўгода Вашынгтон прыме беспрэцэдэнтныя меры ў дачыненні Тэгерана.

На фоне наспяваючага крызісу на Блізкім Усходзе цэны на нафту папаўзлі ўверх. Барэль маркі "Брэнт" ужо гандлюецца ля адзнакі 80 долараў. Аналітыкі не выключаюць, што ў наступным годзе кошт чорнага золата можа дасягнуць 100 долараў за бочку.

Камел Вазне, кіраўнік цэнтра стратэгічных даследаванняў ЗША ў Ліване:

"Я мяркую, рашэнне Трампа - страшная памылка. Тым больш, Іран выконваў усе ўмовы здзелкі. Наогул, гэты дакумент - аснова міру на Блізкім Усходзе, і я асцерагаюся, што з разрывам пагаднення рызыка ваеннага сутыкнення ў рэгіёне сур'ёзна ўзрасце. Будуць і эканамічныя наступствы. Да прыкладу, рост цэн на нафту. А павышэнне кошту сыравіны невыгадна Злучаным Штатам. Іх эканоміка спажывае шмат рэсурсаў і можа пацярпець з-за гэтага".

Дарэчы, прыкладаў, калі ініцыятары санкцый самі станавіліся ахвярамі сваіх жа абмежаванняў, нямала. Зусім ужо кур'ёзны выпадак апісала сёння амерыканская Huffington Post. З-за абмежаванняў, уведзеных супраць расійскага бізнесмена Віктара Вексельберга, цэнтр Вашынгтона застаўся без туалетаў. Справа ў тым, што зліўныя помпы для патрэб горада пастаўляла швейцарская кампанія, у якой расійскі прадпрымальнік з'яўляецца галоўным акцыянерам. Пасля ўвядзення санкцый закупіць абсталяванне для каналізацыі стала немагчыма. У выніку на вуліцы Вашынгтона ў тэрміновым парадку даставілі перасоўныя туалеты.