Сітуацыя ва Украіне застаецца напружанай

17 июня 2014
Як паведамляюць СМІ, гэтай ноччу былі абстраляныя Луганск і Краматорск. Усерасійская дзяржаўная тэлерадыёкампанія заявіла аб гібелі ў рэгіёне двух сваіх карэспандэнтаў. А паміж тым, украінскія ўлады не пакідаюць спробаў урэгуляваць крызіс. Сёння прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка адзначыў, што ўжо да канца тыдня на ўсходзе краіны пачне дзейнічаць так званы мірны план.

Расказвае Юрый Казлоў. Асноўныя тэзісы свайго мірнага плана Пётр Парашэнка агучыў яшчэ ў інаўгурацыйнай прамове. У першую чаргу пакет мер прадугледжвае спыненне агню - аб ім могуць дамовіцца ўжо да канца гэтага тыдня - і правядзенне мясцовых выбараў з мэтай абяцанай дэцэнтралізацыі ўлады. Таксама сёння Парашэнка падтрымаў ідэю роспуску Вярхоўнай рады і пачатку датэрміновых парламенцкіх выбараў. Інфармацыі аб тэрмінах правядзення новай кампаніі пакуль няма. На думку аналітыкаў, перавыбранне парламента дапаможа аднавіць давер да ўлады.


Нягледзячы на спробы мірнага ўрэгулявання, сітуацыя на Данбасе застаецца напружанай. Як паведаміў першы віцэ-прэм'ер Украіны Віталь Ярэма, за час антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе краіны загінулі 125 вайскоўцаў і супрацоўнікаў МУС. Разам з тым, некаторыя ваенныя эксперты лічаць, што агульныя страты ўкраінскай арміі, унутраных войскаў і добраахвотніцкіх фарміраванняў набліжаюцца да трох тысяч чалавек. Таксама, паводле дадзеных аналітыкаў, апалчэнцам атрымалася знішчыць каля ста адзінак ваеннай тэхнікі, уключаючы самалёты, верталёты і бронемашыны.
Гэтай ноччу, паводле звестак агенцтваў, ізноў аднавіліся абстрэлы Славянска, Краматорска і Луганска. Як паведамляюць расійскія СМІ, у Луганскай вобласці ў выніку прамога траплення мінамётнага снарада загінулі журналіст і гукааператар УДТРК. Аператару здымачнай групы цудам атрымалася выжыць. У момант абстрэлу ён знаходзіўся ўсяго за сто метраў ад калегаў.
Бяспека працуючых ва Украіне журналістаў - адзін з пунктаў абноўленага праекта рэзалюцыі, якая сёння была прапанаваная ў Савеце Бяспекі ААН Расіяй. Акрамя таго, у дакуменце змяшчаюцца спасылкі на асноўныя паняцці міжнароднага права - суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. Усяго за апошнія тыдні Расія прапанавала два праекты рэзалюцый па Украіне.
Зрэшты, дасягнуць кампрамісу па ўкраінскім пытанні ў Савеце Бяспекі пакуль не атрымліваецца. Напярэдадні Кіеў аб'явіў аб спыненні супрацоўніцтва з Масквой у ваенна-прамысловай сферы. Раней Украіна пастаўляла Расіі верталётныя рухавікі, маторы для ваенных караблёў, транспартныя самалёты. Акрамя таго, краіна займалася абслугоўваннем балістычных ракет Ваявода - паводле класіфікацыі НАТА - Сатана. У той жа час расійскі віцэ-прэм'ер Дзмітрый Рагозін заявіў, што яшчэ тыдзень таму ў Расіі быў прапанаваны план замяшчэння паставак украінскай ваеннай прадукцыі. Паралельна прапрацоўваецца пытанне аб пераводзе ваенных заказаў з украінскіх прадпрыемстваў на заводы краін - удзельніц Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы. Аб гэтым паведаміў генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа.