Сітуацыя ў Егіпце абвастраецца з кожнай гадзінай

15 августа 2013

Ісламісцкі рух Браты-мусульмане заклікаў усіх егіпцян выйсці сёння на вуліцы ў знак пратэсту супраць крывавых сутыкненняў. Маршы павінны пачацца ў раёне мячэці аль-Іман у Каіры. Колькасць загінуўшых ва ўчарашніх сутыкненнях паміж паліцыяй і прыхільнікамі звергнутага прэзідэнта Мухамеда Мурсі ўзрасла да 525 чалавек. Павялічылася і колькасць пацярпелых - да 3 з паловай тысяч чалавек. Беспарадкі дакаціліся да курортных зон. Паведамляецца, што ў Хургадзе загінуў 1 чалавек і 14 параненыя. Сутыкненні, як адзначаецца, адбываліся ў цэнтры горада, удалечыні ад зоны, дзе размяшчаецца большасць гатэляў. МЗС Беларусі выступіў з заявай.


Расказвае Вольга Давідовіч: Часовае зацішша, так можна апісаць тое, што зараз адбываецца ў Егіпце. Бакі падлічваюць страты і рыхтуюцца да працягу сутыкнення. Учарашні дзень стаў адным з самых крывавых для краіны. Раніцай пачаўся штурм барыкад, пабудаваных прыхільнікамі звергнутага прэзідэнта Мухамеда Мурсі на дзвюх каірскіх плошчах. Палатачныя лагеры зносілі пры дапамозе бульдозераў. Зусім хутка паліцэйская аперацыя перарасла ў сапраўдныя вулічныя баі. Ісламісты закідвалі паліцыю камянямі, тая адказвала слёзатачывым газам. Падчас сутыкненняў па ўсёй краіне загінулі амаль 300 чалавек, каля 2 тысяч атрымалі раненні. Браты-мусульмане сцвярджаюць, што ахвяраў было ў дзесяць разоў больш. Улады гавораць, што сярод загінуўшых шмат паліцэйскіх.


Сярод забітых аказаўся аператар брытанскага тэлеканала Скай ньюс Мік Дзін, а ноччу сайты буйных арабскіх газет апублікавалі некралогі на яшчэ дваіх журналістаў. Усе каірскія бальніцы перапоўненыя параненымі. Урачы гавораць, што пры разгоне дэманстрацый паліцыя прымяніла радыкальныя меры.


Улады ўвялі каменданцкую гадзіну на месяц у 14 правінцыях. Ачагі супраціўлення прыхільнікаў Мурсі армія падавіла толькі да раніцы. Тым не менш у Каіры цэлыя кварталы былі ахопленыя агнём. Ісламісты ўжо заявілі, што з вуліц не сыдуць і будуць стаяць да канца.


Улады Егіпта таксама заяўляюць, што маюць намер праявіць жорсткасць у супрацьстаянні.


Відавочна, што процілеглыя бакі не маюць намеру ісці на ўступкі. Ачаг канфлікту разрастаецца. Пад пагрозай курортныя гарады. Міністэрства замежных спраў Беларусі папярэджвае грамадзян нашай краіны аб наяўнай небяспецы.


Андрэй Савіных, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: У сувязі з абвастрэннем унутрыпалітычнай абстаноўкі ў Егіпце Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь рэкамендуе беларускім грамадзянам, што знаходзяцца на адпачынку ў Егіпце, устрымацца ад паездак за межы курортных зон, выключыць наведванне Каіра і іншых буйных гарадоў, пазбягаць месцаў масавых збораў людзей, падчас знаходжання за межамі гатэляў выяўляць павышаную абачлівасць. Турыстам, што знаходзяцца ў раёнах дзеяння каменданцкай гадзіны, не варта пакідаць тэрыторыі гатэляў з 19:00 да 06:00. У гэтых умовах грамадзянам Беларусі, якія плануюць свой адпачынак у рэгіёне, рэкамендуем устрымацца ад наведвання Егіпта да нармалізацыі сітуацыі ў краіне.


Напярэдадні ўрад Егіпта пакінуў адзін з апошніх прыхільнікаў мірнага вырашэння канфлікту - віцэ-прэзідэнт і нобелеўскі лаўрэат Махамед аль-Барадэі. Зараз стрымліваць хвалю насілля, падобна, няма каму.