Сёння адкрываецца Берлінале

5 февраля 2015

Сёлета фестываль адсвяткуе круглую дату. Агляд (падрыхтоўка да якога ўжо на фінальным этапе) стане 65-ым. Сціпласць такому саліднаму імянінніку не патрэбна, лічаць арганізатары, таму не ўтойваюць сваіх грандыёзных планаў: мяркуючы па аб'яўленых фільмах, юбілей будуць адзначаць з размахам. Чым збіраюцца здзівіць і заваяваць сваіх прыхільнікаў дзеячы кінамастацтва, ведае наш карэспандэнт Вадзім Марцішэўскі.

У чаканні знакавай падзеі ў свеце кінематографа, у Берліне раскупляюць білеты на конкурсныя паказы фільмаў. У адрозненне ад Кан, дзе праграму фестывалю могуць убачыць толькі ўдзельнікі і госці агляду, у сталіцы Германіі звычайныя кінаманы маюць рэальны шанец наведаць сусветныя прэм'еры першымі. Атмасфера хвалявання літаральна павісла ў паветры. У асноўнай праграме - 23 карціны з розных куткоў планеты. З іх 19 пазмагаюцца за галоўныя ўзнагароды - Залатога і Сярэбраных мядзведзяў. Сярод конкурсных стужак – работы вялікага візуальнага генія Тэрэнса Маліка, заснавальніка новага нямецкага кіно Вернэра Херцага, а таксама легендарнага пастаноўшчыка сучаснасці Пітэра Грынуэя.

Дзітар Кослік, дырэктар Берлінскага міжнароднага кінафестывалю:

"Сёлета ў нас вельмі разнастайная праграма, як па жанрах, так і па тэматыцы. Радуе той факт, што рэжысёры сёння ўсё больш не проста сочаць, але таксама прымаюць да ўвагі падзеі, якія адбываюцца ў свеце. У мастацкіх фільмах часта адлюстроўваецца, хай і эпізадычна, рэальнасць паўсядзённага жыцця".

Узначальвае журы юбілейнага 65-га Берлінскага фестывалю культавы амерыканскі рэжысёр Дарэн Аранофскі. Раздаваць кінатрафеі старшыні дапамогуць французская актрыса Адры Тату і нямецкі акцёр Даніэль Бруль. Менавіта з іх дапамогай у сталіцы Германіі вызначаць пераможцаў у галоўных намінацыях.

Дзітар Кослік, дырэктар Берлінскага міжнароднага кінафестывалю:

"Мы чакаем мноства знакамітасцяў: Наталі Портман, Кейт Бланшэт, Крысціян Бэйл, Ніколь Кідман, Роберт Пацінсан... Гэта толькі малая частка зорак, якіх вы ўбачыце падчас агляду".

Берлінале - адзін з тых найбуйнейшых фестываляў, які задае тон усяму кінематаграфічнаму году. Камандзе нямецкага форуму атрымалася ў канкурэнтнай барацьбе з марафонамі на Блакітным беразе і Венецыі займець у сталіцу Германіі некалькі найбольш напружана чаканых стужак. Чыё імя будзе мільгацець у газетах і часопісах, якая персона стане найбольш медыйнай у тэлеэфірах і абмяркоўваемых на прасторах Інтэрнэту, а галоўнае - каму дастануцца статуэткі мядзведзяў, мы даведаемся пасля ўрачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагарод у Палацы Берлінале, якая адбудзецца познім вечарам 14 лютага.