Расія падтрымлівае размяшчэнне міратворцаў на лініі размежавання ў Данбасе

5 сентября 2017

Адбыцца гэта можа пасля адвядзення ўзбраенняў і ўзгаднення гэтага рашэння з прадстаўнікамі самаабвешчаных ДНР і ЛНР. Гэта заявіў прэзідэнт Расіі на прэс-канферэнцыі па выніках саміту БРІКС у Кітаі. На думку Уладзіміра Пуціна, такі крок паспрыяе вырашэнню канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны. МЗС Расіі ўжо даручана ўнесці адпаведны праект рэзалюцыі на разгляд Савета Бяспекі ААН.

Кіраўнік Крамля таксама адзначыў, што ў выпадку паставак ЗША смяротнага ўзбраення для Украіны ў Данбасе могуць абвастрыцца баявыя дзеянні, пасля чаго ёсць верагоднасць іх распаўсюджвання на іншыя рэгіёны. Ідэя аб тым, што на паўднёвы ўсход Украіны неабходна ўвесці міратворцаў ААН, неаднаразова агучвалася афіцыйным Кіевам. Пётр Парашэнка заявіў, што ў верасні на Генасамблеі ААН запатрабуе ўвесці міратворцаў у Данбас.