Правы рэванш праваліўся

16 марта 2017

Ультракансерватары з Партыі cвободы Герта Вілдэрса не змаглі атрымаць перамогу на парламенцкіх выбарах у Нідэрландах. Еўраскептыкі саступілі Народнай партыі за свабоду і дэмакратыю прэм'ер-міністра Марка Рутэ з розніцай у 13 крэслаў. Яўка на выбарах была нязвыкла высокай для Галандыі - каля 80 %. Нягледзячы на тое, што вынікі галасавання пакуль папярэднія, еўрапейскія лідары ўжо павіншавалі Рутэ з перамогай.

Марк Рутэ, прэм'ер-міністр Нідэрландаў: "Сёння сапраўднае свята дэмакратыі. Я быў рады ўбачыць столькі людзей на ўчастках. Гэтая кампанія была няпростай. Зараз нам трэба будзе захаваць Нідэрланды як бяспечную і квітнеючую краіну. Таксама я размаўляў з еўрапейскімі калегамі. Яны рады, што Нідэрланды адмовіліся ад папулізму на фоне Brexit і выбараў у ЗША".

Герт Вілдэрс, лідар Партыі свабоды: "Я не згодзен з выказваннямі аб нашым паражэнні. Па выніках гэтых выбараў нам на чвэрць удалося павялічыць прысутнасць у парламенце. Так, гэта не тое, чаго я хацеў, і я віншую спадара Рутэ. Але, тым не менш, за нас прагаласавала паўтара мільёна чалавек, гэта проста выдатна".

У параўнанні з выбарамі 2012 года партыя Рутэ пазбавілася 8 дэпутацкіх мандатаў. Зараз палітычным сілам трэба будзе сфарміраваць кіруючую кааліцыю. На думку аналітыкаў, у яе, акрамя Народнай партыі за свабоду і дэмакратыю, што перамагла, увойдуць хрысціянскія дэмакраты і левалібералы.