Паводле звестак пасольства Беларусі ў Італіі, нашых грамадзян сярод пацярпелых няма

24 августа 2016

Магутнае землетрасенне абрынулася гэтай ноччу на Італію. Два магутныя штуршкі адбыліся на Апенінах. І колькасць ахвяр павялічваецца з кожнай гадзінай. У спісе загінуўшых ужо каля 40 чалавек. Наконт колькасці параненых пакуль гаварыць складана. Іх дзясяткі, і гэтая лічба расце на працягу ўсяго дня. Ратавальнікі разбіраюць завалы, ход аперацыі знаходзіцца пад асабістым кантролем кіраўніцтва краіны.

Паводле звестак пасольства Беларусі ў Італіі, нашых грамадзян сярод пацярпелых няма. Гэта прадстаўнікі дыпмісіі паведамілі ў Твітэры. 

Усе падрабязнасці ў Юрыя Казлова.

Магнітуда штуршкоў, эпіцэнтр якіх знаходзіўся на глыбіні 10 кіламетраў недалёка ад горада Перуджа (гэта самы цэнтр Італіі), складала 6,4. Праз гадзіну ў рэгіёне было зафіксавана яшчэ адно землетрасенне - больш слабое, магнітудай 5,5. Падземныя ўдары адчуваліся нават у сталіцы краіны Рыме, хаця да яго больш як 100 кіламетраў. У вобласці Умбрыя разбураныя будынкі. Больш за ўсё пацярпелі гарады Аматрычэ, Акумулі і вёска Пескара-дэль-Тронта. Там ёсць загінуўшыя, параненых дзясяткі. Як паведамляюць мясцовыя ўлады, шмат людзей застаюцца пад заваламі будынкаў. Толькі ў Пескара-дэль-Тронта без вестак прапалі больш як сто чалавек. У Аматрычэ з-за выкліканага землетрасеннем апоўзня абваліўся мост. Населены пункт адрэзаны ад свету. Электрычнасці няма. Палова горада сцертая з зямлі.

Фабрыцыа Курча, дырэктар дэпартамента грамадзянскай абароны пры Савеце Міністраў Італіі: "Мы пакуль не хацелі б называць колькасць загінуўшых і пацярпелых, таму што баімся памыліцца ў лічбах. Але вы павінны ведаць, што мы працуем і працуем эфектыўна. Мы пакуль не можам даставіць усё неабходнае ў некаторыя з пацярпелых раёнаў, але гэтая праблема хутка будзе вырашаная з дапамогай вобласці Лацыа і вайскоўцаў".

Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла тэрмінова вярнуўся ў сталіцу з рабочага візіту, каб пракантраляваць ход пошукава-выратавальнай аперацыі. Разбор завалаў у пацярпелых гарадах працягваецца.

Ратавальнікі паведамляюць страшныя падрабязнасці: землетрасенне адбылося пасярод ночы, прыкладна а палове на чацвёртую па мясцовым часе. Людзей завальвала камянямі і бетонам ва ўласных ложках. Ужо вядома, што сярод загінуўшых маладая пара з двума маленькімі дзецьмі і муж і жонка сталага ўзросту. Дакладнай інфармацыі наконт грамадзянства загінуўшых і пацярпелых пакуль няма.

Нумар тэлефона, па якім беларускім дыпламатам можна паведаміць аб тым, што вашы блізкія знаходзяцца ў пацярпелых раёнах і не выходзяць на сувязь, +393454803465.

Падчас традыцыйнай месы за душы загінуўшых і здароўе пацярпелых памаліўся Папа Рымскі Францыск. Перад тысячамі вернікаў, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра, пантыфік пералічыў назвы пацярпелых ад стыхіі населеных пунктаў.

На думку прадстаўнікоў Геалагічнай службы ЗША, якія адсочваюць і даследуюць падземныя штуршкі, ахвярамі землетрасення ў Італіі могуць стаць сотні людзей - уся справа ў недастатковай сейсмаўстойлівасці мясцовых будынкаў. Акрамя таго, Італія знаходзіцца неа лініях тэктанічнага разлому, і землетрасенне тут - з'ява нярэдкая. Эканамічны ўрон ад бедства яшчэ будзе ацэнены. Але ўжо відавочна, што ён значны.

Фабрыцыа Курча, дырэктар Дэпартамента грамадзянскай абароны пры Савеце Міністраў Італіі: "Магнітуда землетрасення была даволі высокай. З улікам таго, што эпіцэнтр залягаў недалёка ад паверхні, мы можам параўноўваць яго з землетрасеннем у Аквіле 2009 года".

Землетрасенне ў Аквіле (гэта вобласць Абруца, таксама цэнтр Італіі) адбылося 6 красавіка 2009 года. Магнітуда штуршкоў складала 5,8. Ахвярамі гэтага бедства сталі 309 чалавек, паўтары тысячы атрымалі раненні. Каля 70 тысяч засталіся без прытулку.

Дарэчы, ад Аквілы да ачага цяперашняга землетрасення ўсяго 70 кіламетраў. І сейсмолагі тым часам папярэджваюць, што ў бліжэйшыя месяцы рэгіён можа пацярпець ад новых штуршкоў.