Адносіны Масквы і Анкары - нядаўніх партнёраў - абвастрыліся да мяжы

25 ноября 2015

У сувязі з інцыдэнтам МЗС Расіі зрабіў жорсткае папярэджанне турэцкаму паслу, але эксперты лічаць, што гэтым ведамства Сяргея Лаўрова не абмяжуецца. Сёння стала вядома, што адзін з членаў экіпажа збітага бамбардзіроўшчыка выжыў. Аперацыя па выратаванні штурмана Канстанціна Мурахціна доўжылася 12 гадзін. Лётчык ужо даў інтэрв'ю расійскім СМІ. Усе падрабязнасці ў Юрыя Казлова.

Франтавы бамбардзіроўшчык Су-24М ВПС Расіі быў збіты ў раёне сірыйска-турэцкай мяжы напярэдадні раніцай. Самалёт паразіла ракета класа "паветра-паветра", выпушчаная турэцкім знішчальнікам F-16. Абодва члены экіпажа паспелі катапультавацца, але выжыў толькі адзін з іх - штурман Канстанцін Мурахцін. Зараз ён знаходзіцца на авіябазе Хмеймім у сірыйскай правінцыі Латакія. Камандзір Алег Пяшкоў быў забіты агнём з зямлі, калі спускаўся на парашуце. Падпалкоўніка расійскіх ВПС расстралялі байцы ўзброенай сірыйскай апазіцыі. Для выратавання Мурахціна была арганізавана цэлая спецаперацыя, у якой удзельнічалі два верталёты Мі-8. Адна з машын была знішчана выстралам з гранатамёта. Ахвярай абстрэлу стаў расійскі марпех-кантрактнік. Яму, а таксама падпалкоўніку Пяшкову пасмяротна прысвоены званні Герояў Расіі.

Рэджеп Таіп Эрдаган, Прэм'ер-міністр Турцыі: "Два самалёты былі папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння нашых меж 10 разоў на працягу пяці хвілін. Пасля гэтых папярэджанняў адзін з самалётаў вярнуўся ў Сірыю. Другі прадоўжыў парушаць мяжу. У выніку F-16 турэцкіх ВПС адкрылі агонь. Самалёт-парушальнік упаў на тэрыторыі Сірыі. Некаторыя абломкі ўпалі ў Турцыі. Раненні атрымалі 2 нашы грамадзяніны. Пра тое, што гэта расійскі бамбардзіроўшчык, мы даведаліся толькі пасля заявы Расійскай Федэрацыі. Адразу пасля інцыдэнту мы аператыўна падалі ўсю неабходную інфармацыю Савету бяспекі ААН і НАТА".

Што насамрэч папярэднічала баявому сутыкненню, да канца не зразумела. Версіі Масквы і Анкары адрозніваюцца. Турцыя настойвае на тым, што бамбардзіроўшчык парушыў яе дзяржаўную мяжу. Факты, прыведзеныя турэцкім прэм'ерам, пацвярджае і Пентагон. Масква ж назвала інцыдэнт "спланаванай правакацыяй" і "ўдарам у спіну". У Мінабароны Расіі гавораць што, збіты Су-24 не ўрываўся ў паветраную прастору Турцыі і ніякіх папярэджанняў ад турэцкіх дыспетчараў не атрымліваў. Агенцтва Reuters, спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША, таксама паведамляе, што расійскі бамбардзіроўшчык быў збіты на тэрыторыі Сірыі. Пра гэта гаворыць выяўлены спадарожнікамі цеплавы след.

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў аб неабходнасці дэталёва расследаваць інцыдэнт. Дзяржавы планеты - ад Аўстраліі да Канады - заклікаюць Расію і Турцыю ўстрымацца ад далейшай эскалацыі.

Ахмет Давутаглу, Міністр замежных спраў Турцыі: "Расія - наш сябар, сусед і вельмі важны партнёр. Двухбаковыя адносіны не могуць быць прынесены ў ахвяру. Зараз усе каналы для сувязі ў нас адкрыты, мы ўзаемна ім надаём вялікае значэнне. Але хачу падкрэсліць - у плане гарантавання нацыянальнай бяспекі любыя самыя сяброўскія адносіны павінны грунтавацца на павазе права кожнай краіны абараняць сваю тэрыторыю".

Расія зрабіла з трагедыі высновы. Мінабароны краіны мае намер перакінуць у Сірыю дывізіёны зенітна-ракетных комплексаў С-300 і С-400. А ўсе расійскія бамбардзіроўшчыкі зараз будуць наносіць удары па пазіцыях ісламістаў толькі пад прыкрыццём знішчальнікаў. Расія абяцае знішчаць любыя цэлі, што пагражаюць яе самалётам. Зрэшты, чакаць нейкага ваеннага абвастрэння непасрэдна паміж Масквой і Анкарой не варта, упэўнены эксперты. А вось палітычныя адносіны сур'ёзна пацерпяць. Напрыклад, расійскі лідар абвінаваціў Турцыю ў падтрымцы радыкальных ісламісцкіх рухаў.

Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расіі:

"Мы назіраем і не толькі мы, запэўніваю вас, гэта бачаць ва ўсім свеце, што сённяшняе кіраўніцтва Турцыі на працягу значнай колькасці гадоў праводзіць даволі мэтанакіраваную ўнутраную палітыку па падтрымцы і па ісламізацыі сваёй краіны. Мы самі падтрымліваем іслам і будзем гэта рабіць, але гаворка ідзе аб падтрымцы такога больш радыкальнага, ці што, кірунку".

Інцыдэнт можа негатыўна адбіцца і на эканамічных сувязях паміж Расіяй і Турцыяй. Пад пагрозай сумесныя праекты ў энергетычнай сферы, ваеннае супрацоўніцтва, турызм. Памер патэнцыяльнага ўрону нацыянальным эканомікам ацаніць складана. Зараз тавараабарот паміж дзвюма краінамі перавышае 40 мільярдаў долараў за год. Ля турэцкага пасольства ў Маскве другі дзень працягваецца акцыя пратэсту. Сёння дэманстранты закідалі будынак дыпмісіі камянямі. Дэманстранты трымалі ў руках плакаты з лозунгамі "Удар у спіну" і "Не еду ў Турцыю".