Ён быў вялікім артыстам. У Маскве развіталіся з Сяргеем Юрскім

11 февраля 2019

Сёння ў Маскве развіталіся з Сяргеем Юрскім. З раніцы ў тэатр імя Массавета, дзе акцёр служыў больш чым 40 гадоў, неслі кветкі яго калегі, сябры, родныя і гледачы. Пра апошні шлях народнага артыста наш карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская.

 

Ён мог стаць добрым адвакатам, але сышоў з трэцяга курса юрыдычнага, і краіна здабыла яркага і незабыўнага артыста. Пачынаў у ленінградскім ВДТ, потым пераехаў у Маскву і стаў працаваць у тэатры Массавета. Тут ён праслужыў больш чым 40 гадоў.

Сёння сюды з самай раніцы нясуць кветкі. Гэта калегі, сябры, родныя і простыя гледачы, для якіх яго тэатральныя ролі і кінавобразы назаўжды застануцца ў сэрцы.

У маскоўскім тэатры імя Массавета Сяргей Юрскі служыў не толькі акцёрам, але і рэжысёрам, і драматургам. П'есы пісаў пад псеўданімам Ігар Вацэціс. Адна з апошніх работ - спектакль "Рэсепшн" - інтэлектуальна-іранічны погляд самога аўтара на сучасную рэчаіснасць.

Каля 50 роляў у кіно, і кожная яркая і незабыўная. Яго Астап Бендэр бясконца абаяльны, дасціпны, мужны і прадпрымальны.

А вясковы п'яніца дзядзька Міця з камедыі "Каханне і галубы" дзякуючы інтэлігентнасці Юрскага атрымаўся неймаверна смешным і тэатральным.

Ён быў яшчэ і выдатным празаікам, выпусціў некалькі кніг. Літаратура была ледзь не галоўным яго захапленнем. Юрскі па праве на працягу ўсяго жыцця лічыўся адным з лепшых чытальнікаў класікі.

Сёння па тэатральнай традыцыі Сяргея Юрскага праводзілі апладысментамі і крыкамі брава. Артыста пахавалі на Траякураўскіх могілках. Яму было 83 гады.