Чарговае абвастрэнне на ўсходзе Украіны

24 мая 2016

За апошнія суткі на ўсходзе краіны загінулі 7 вайскоўцаў, 9 - атрымалі раненні, заявіў кіраўнік Савета нацбяспекі і абароны краіны Аляксандр Турчынаў. Паводле яго слоў, гэта самыя вялікія ахвяры ва ўкраінскай арміі за апошні год. Аб стратах фарміраванняў самаабвешчаных рэспублік пакуль не паведамляецца.

Гэтай ноччу сітуацыю ў Данбасе абмеркавалі лідары "нармандскай чацвёркі" падчас тэлефонных перамоў. Як заявіў афіцыйны Кіеў, дасягнута дамоўленасць аб увядзенні паліцэйскай місіі АБСЕ ў раён канфлікту. Узброеныя супрацоўнікі Арганізацыі па бяспецы і садзейнічанні ў Еўропе будуць кантраляваць выкананне рэжыму спынення агню. АБСЕ і Масква гэту інфармацыю пакуль не пацвярджаюць і не аспрэчваюць. У Крамлі, аднак, заявілі аб пашырэнні паўнамоцтваў ужо дзеючых на ўсходзе Украіны міжнародных назіральнікаў.

Таксама кіраўнікам Украіны, Францыі, Германіі і Расіі перададзены пакет прапаноў па мясцовых выбарах у асобных раёнах Данбаса, асаблівым статусе рэгіёна, амністыі і дэцэнтралізацыі. Гэтыя пункты, як чакаецца, разгледзяць на пасяджэннях трохбаковай кантактнай групы ў Мінску.