НАТА рыхтуе самае маштабнае ўзмацненне абароны з часоў халоднай вайны

8 июля 2016

Умацаванне пазіцый краін Паўночнаатлантычнага альянсу ва Усходняй Еўропе стане галоўнай тэмай саміту арганізацыі. Форум сёння адкрываецца ў Варшаве. Абмеркаваць новы працэс трансфармацыі ў польскую сталіцу едуць 18 прэзідэнтаў і 21 старшыня ўрадаў, 41 кіраўнік МЗС і 39 міністраў абароны, а таксама кіраўніцтва ААН, ЕС і Сусветнага банка. Увогуле каля 2 з паловай тысяч удзельнікаў з 58 краін. Як чакаецца, на саміце прымуць рашэнне аб размяшчэнні сіл хуткага рэагавання НАТА ў Польшчы і краінах Прыбалтыкі. Абмяркуюць таксама барацьбу з тэрарызмам, сітуацыю ва Украіне і Брэксіт.

Енс Столтэнберг, Генеральны сакратар НАТА:

"Свет стаў больш небяспечным, чым усяго пару гадоў таму. НАТА рэагуе на гэта з належнай рашучасцю і хуткасцю. Мы патроілі памер сваіх сіл хуткага рэагавання, размясцілі новыя штабныя ячэйкі нашых усходніх меж і працягнулі развіццё ключавых элементаў абароны як, напрыклад, супрацьракетная абарона за межамі НАТА".

Беспрэцэндэнтныя меры бяспекі прынятыя ў Варшаве ў дзень адкрыцця саміту НАТА. Дзясяткі вуліц перакрытыя, тэрыторыя вакол Нацыянальнага стадыёна, гістарычнага цэнтра і на асобных участках набярэжнай Віслы цалкам ізаляваная. Такі рэжым будзе дзейнічаць у сталіцы Польшчы да канца тыдня. Запланаваныя таксама дэманстрацыі праціўнікаў ваеннага блока. Пратэстанты ўжо заявілі, што збіраюцца прайсці па цэнтры горада пад лозунгам "Не вайне і базам НАТА!".