На ўсходняе ўзбярэжжа Індыі абрушыўся разбуральны цыклон "Фані"

3 мая 2019

Парывы ветру дасягаюць 200 кіламетраў за гадзіну. Асноўны ўдар прыняў на сябе штат Арыса, адкуль эвакуіравалі больш за мільён чалавек. Спыненыя чыгуначныя зносіны, адмененыя авіярэйсы, зачыненыя тры порты. У адміністрацыйным цэнтры штата, горадзе Бхубанешвар, парывы ветру павалілі будаўнічы кран на жылы дом - вядома аб двух загінуўшых. "Фані" стаў адным з самых разбуральных цыклонаў у Індыі за 20 гадоў. Паводле прагнозаў метэаролагаў, праз некалькі гадзін ён аслабне і сыдзе ў бок Бангладэш.