Мы зрабілі гэта разам. Новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

16 сентября 2015

Новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прызнаны лепшым архітэктурным творам Беларусі за апошнія гады.

Гран-пры рэспубліканскага конкурсу прысуджаны аўтарскаму калектыву, які ўзводзіў новы музей. Але па вялікім рахунку гэта ўзнагарода для ўсіх беларусаў. Тэлемарафоры, суботнікі, асабістыя ахвяраванні – мы будавалі яго разам. Для нас Музей Вялікай Айчыннай не проста турыстычны аб'ект. Гэта сімвал. Гэта тое, што мы зрабілі разам.

Будынак у гонар пераможцаў узвялі на праспекце Пераможцаў - іншага месца для новага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай і ўявіць складана. На галоўным фасадзе мажорная тэматыка - пераможны салют. Адзінаццаць прамянёў славы, як 1100 дзён акупацыі Мінска. На кожным з прамянёў-пілонаў скульптурныя барэльефы са знакавымі ваеннымі тэмамі - ад абароны Брэсцкай крэпасці да ўзняцця сцяга Перамогі над Рэйхстагам. Музей склаў адзіны ансамбль з 45-метровым абеліскам “Мінск - горад-герой”, адным з архітэктараў якога 30 гадоў таму быў сённяшні аўтар музея Крамарэнка.

След у след за праекціроўшчыкамі ішлі будаўнікі. З моманту закладкі Прэзідэнтам Беларусі капсулы з пасланнем нашчадкам да ўрачыстага адкрыцця музейнага комплексу прайшло 4 гады. На будаўніцтве працавалі тысячы людзей - ад рабочых да чыноўнікаў высокага рангу. На месцы ўзвядзення не аднойчы праводзіліся рэспубліканскія суботнікі.

Будынак плошчай 15 з паловай тысяч квадратных метраў упісаць ва ўжо існуючую невялікую прастору ды яшчэ так, каб музей з абеліскам складалі адзіны ансамль, не проста. Будынак у выглядзе веера. Вузкая частка яго сканцэнтравана вакол стэлы, шырокая частка размясцілася па рэльефе парка Перамогі. Уся складаная інжынерная канструкцыя, пра якую наведвальнік не здагадваецца, пад зямлёй. Там адзін паверх, але яго вышыня ў некаторых месцах дасягае 8 метраў. Сам музей з шасці паверхаў. Самая высокая - зала Перамогі са шкляным купалам і назіральнай пляцоўкай. Алтар Перамогі з паўпразрыстага каляровага шкла - класічная форма вітража. Сумесная праца мастакоў, архітэктараў і дызайнераў.

Будынак з чатырох блокаў як чатыры гады вайны. У іх 10 экспазіцыйных залаў. Самая вялікая паўтарае контур веера - Дарога вайны. Рэальную тэхніку - танкі і самалёты - упершыню размясцілі ўнутры музейных памяшканняў. Да гэтага яна выстаўлялася выключна на вуліцы. У новай экспазіцыі з арыгіналаў 2843 прадметы. Плюс каля 5 тысяч копій, муляжоў і макетаў.

У дзесяці фондасховішчах больш за 143 тысячы прадметаў - ад невялікага фотаздымка да гаўбіцы. 28 музейных калекцый, 2 з якіх маюць катэгорыю гісторыка-культурнай каштоўнасці нумар адзін. Гэта рукапісныя партызанскія часопісы і самаробная партызанская зброя. Кожны з 62-х прадметаў зброі ўнікальны. Нават для тульскіх збройнікаў вырабы беларускіх партызан сталі адкрыццём.

Спецыяльна для калекцыі зброі распрацоўвалі фондасховішча. Для пісталетаў, аўтаматаў, процітанкавых ружжаў патрэбныя жалезныя шафы, якія зачыняюцца на два ключы, два запоры. Само фондасховішча, апроч дзвярэй, мае жалезную рашотку і яшчэ тры рэжымы аховы. Музей, які мы пабудавалі разам, стаў сапраўдным сучасным комплексам не толькі ў галіне экспанавання і прэзентацыі гістарычных каштоўнасцяў, але і ў інжынерна-тэхнічным плане.